У рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Азёры” пад Гроднам зараз можна пракаціцца на сапраўднай дрызіне па вузкакалейцы. Маршрут праходзіць па мосце праз Белае возера і вядзе на Святое балота, дзе ішлі баі паўстанцаў і царскай арміі ў 1863-1864 гадах. Інфармацыя ўзята з адкрытых крыніц.

Запіс на экскурсіі ўжо адкрыты, можна рэзерваваць праз заказнік. Паездка па вузкакалейцы займае каля трох гадзін або 10 км у адзін бок. Дрызіна развівае хуткасць да 20 км/г у залежнасці ад ўчастка дарогі: дзесьці можна ехаць хутчэй, а недзе трэба запаволіцца. 

На маршруце прадугледжана 4-5 прыпынкаў. Падчас іх экскурсавод распавядае пра заказнік і асаблівасці мясцовай прыроды. Экскурсіі праводзіць дырэктар заказніка або іншыя спецыялісты “Азёр”. Праехаць па дарозе можна і за гадзіну. Але прыпынкі на маршруце абраныя так, каб максімальна цікава раскрыць рэльеф і ландшафт гэтых месцаў.

Маршрут праходзіць праз высокія эолавые грады, якія “вырастаюць проста з азёр і балот”, вільготныя нізінныя лясы і парослыя хвоямі пяшчаныя выдмы. Чаргаванне розных формаў рэльефу дазваляе ўбачыць ўчасткі разнастайных і асабліва каштоўных тыпаў лесу (сасоннікі, ельнікі, дубровы, кляноўнікі і грабнякі) з комплексам рэдкіх відаў, 200-гадовыя дубы і карабельныя, або мачтавыя, сосны.

узкоколейка маршрут
Маршрут экскурсіі. Скрыншот з сайта 750mm.by

Канцавы прыпынак – Святое балота. Падчас паўстання 1863-1864 гадоў там адбываліся баі паміж паўстанцамі і царскімі войскамі. У 1960-я гады яго асушылі, а шэсць гадоў таму ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ПРААН-ГЭФ “Тарфянікі-2” выбудавалі каскад плацін і паўторна забалацілі.

Мінімальная колькасць людзей у групе – чатыры чалавекі, максімум – 15 чалавек. Квіток для аднаго каштуе 50 рублёў, дзецям ад 6 да 12 гадоў прадугледжаны зніжкі 50%. Дзяцей, меншых за 6 гадоў, на экскурсію браць нельга. Дабрацца да адпраўной кропкі трэба самастойна – трансфер не прадугледжаны. З Гродна трэба ехаць да аграгарадка Азёры, там ад скрыжавання вул. Савецкай і Завадской – яшчэ 2,4 км у бок дзіцячага лагера “Дружба”.

Дарога – адна з самых доўгіх у краіне, але захаваюць толькі частку

Вузкакалейная чыгунка ў Азёрах – частка былой торфавознай дарогі ліквідаванага торфапрадпрыемства “Верцялішкі”. Яе вырашылі захаваць для развіцця турызму. Сама дарога – адна з самых доўгіх вузкакалеек у Беларусі. Яе працягласць да самай далёкай кропкі – каля 30 км. 

Дарога была пабудавана ў 1955 годзе і праходзіць па дзевяціпралётным мосце праз Белае возера. Маршрут цалкам дрызінны, шырыня каляіны – 750 мм. Дарогу рамантавалі, калі яна яшчэ належала торфапрадпрыемству. У 2006-2008 гадах цалкам адрэстаўравалі каля 8 км. Цяпер яна ў працоўным стане.

Ідэі – два гады, а дакументы афармлялі больш за паўтара

Партнёр праекта ў заказніку Арцём Слізкі – заснавальнік гісторыка-культурнай установы “Нязведаная вузкакалейка”. Ён займаецца рэстаўрацыяй вузкакалейнай тэхнікі і з 2016 года арганізуе экскурсіі па вузкакалейных дарогах Беларусі. 

Чытайце таксама: Единственный в Беларуси музей узкоколеек откроют под Лидой. Как кучка энтузиастов спасают технику и дороги

Маршрут у Азёрах прыдумалі яшчэ два гады таму. Але ездзіць праз паўкраіны дзеля некалькіх групаў было складана. 

У 2021 годзе ідэя аднаўлення і выкарыстання вузкакалейкі перамагла ў конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend і атрымала ад аператара А1 10 000 беларускіх рублёў. Рэалізацыя праекта зацягнулася праз тое, што пераафармленне дарогі з торфапрадпрыемствы на заказнік заняла больш за паўтара года і завяршылася толькі да лета 2022 года. 

Каманда праекта перадала заказніку мотадрызіну і два прычэпы да яе. Дрызіна, на якой возяць экскурсантаў – 80-х гадоў, ТДУМ вытворчасці Калужскага завода транспартнага машынабудавання (Калужскі цеплавозны завод). Менавіта на такім транспарце ездзілі пуцейскія брыгады, якія абслугоўвалі чыгункі. Арцём Слізкі набываў іх і аднаўляў апошнія гады чатыры спецыяльна для турыстычных мэтаў.

“Адбою ад ахвотных не будзе”

Грыбнікам, рыбакам і гасцям санаторыя “Азёрны” ажыўленне дарогі нічым не пагражае – машыны чуваць здалёк. Частка дарогі за санаторыем углыб заказніка праходзіць зусім дзікімі месцамі.  

Попыт на экскурсіі ёсць, людзям цікава. Калі з’яўлялася аб’ява на сайце пра набор на экскурсію ў Азёры, набіраліся поўныя групы – і гэта з улікам таго, што людзям трэба было самастойна дабірацца, і быў больш высокі мінімальны кошт. Адбою ад ахвотных не будзе, упэўнены аўтары праекта.

Чытайце таксама: Искупаться и не получить штраф: карта разрешенных пляжей в Гродно и Гродненском районе