“Ганненскі кірмаш” у Зэльве ў 2022 годзе адбудзецца ў тры этапы. Акрамя ўласна кірмашу гэта будзе фестываль гістарычнай рэканструкцыі і духоўны фестываль, паведаміла “Гродзенская праўда”.

Лагер з гаспадаркай мінулых гадоў і сучасны фудкорт
Фестываль гістарычнай рэканструкцыі “Легендарныя эпохі” адбудзецца 16 ліпеня. Месца правядзення – стары млын у Зэльве. Яго правядуць у другі раз. Больш за 100 рэканструктараў плануюць аднавіць чатыры гістарычныя перыяды: прыход вікінгаў, сярэднявечнае рыцарства, супрацьстаянне з войскам Напалеона, а таксама баі Вялікай Айчыннай вайны.
Лакацыю падзеляць на тры часткі. Першая – цэнтральная. Там адбудуцца рэканструкцыі. Другая – паходныя лагеры, у якіх плануюць аднавіць і паказаць гаспадарку мінулых гадоў. Трэцяя – інтэрактыўная зона. Там плануюць арганізаваць лучныя і арбалетныя ціры, сярэднявечныя гульні, горад майстроў-рамеснікаў і сучасны фудкорт.
Увечары адбудзецца музычнае шоў.
На фестываль прыцягнуць каля 300 артыстаў
Сам “Ганненскі кірмаш” адбудзецца 19-20 жніўня 2022 года на беразе Зэльвенскага вадасховішча. Там арганізуюць забаўляльную праграму на вадзе, майстар-клас па водным турызме, гандлёвыя шэрагі і атракцыёны. 20 жніўня кірмаш плануюць адкрыць тэатралізаваным выступам.
Таксама на кірмашы будуць працаваць каля 60 атракцыёнаў для дзяцей. Да забаўляльнай праграмы прыцягнуць каля 300 артыстаў і ўдзельнікаў аматарскай творчасці.
Літургія ў царкве і майстар класы па іканапісе
Трэці этап фестываля адбудзецца 18 верасня ў мястэчку Сынкавічы. Там у царкве святога Архангела Міхаіла арганізуюць фестываль “СынкаВеча”. Яго прымяркуюць да 720-годдзя заснавання царквы і 615-годдзя асвячэння храма.

Падчас фестываля адбудзецца літургія, якую ўзначаліць архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній. Акрамя гэтага адбудзееца гістарычная рэканструкцыя эпохі князя Вітаўта. А таксама майстар-класы па іконапісе, разьбе па дрэву, саломапляценні, ганчарстве, пляценні паясоў. Для гасцей арганізуюць пастанову тэатра “Батлейка”.
Як даўно праводзяць “Ганненскі кірмаш”
Зэльвенскі кірмаш адбываецца з 1501 года. Тады ўдава былога гаспадара Зэльвы Міхаіла Начовіча Ганна Улініч атрымала прывілей на правядзенне кірамаша ад караля Аляксандра Ягелончыка.
У 1721 годзе кірмаш атрымаў назву “Ганненскі” у гонар святой Ганны. Яго праводзілі з 25 ліпеня па 25 жніўня. У канцы XVIII стагоддзя кірмаш быў дургім па велічыні пасля Лейпцыгскага. Падчас кірмаша ў Зэльве адкрывалі піўныя, кафэ і часовыя тракціры, а таксама працавала каля 200 крамаў.


