Заяву на месца ў дзіцячым садку з 2023 года можна будзе падаць анлайн. Пра перавод уліку ў электронны фармат паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка.
«Для вырашэння гэтай задачы Міністэрства адукацыі да 1 верасня нарматыўна замацуе парадак такога ўліку. У 2023 годзе адміністрацыйная паслуга па ўліку дзяцей, якія маюць патрэбу ў месцы ў дзіцячым садзе, будзе пераведзена ў электронны фармат. Гэта дазволіць бацькам у анлайн-рэжыме падаць заяву з указаннем некалькіх дзіцячых садкоў, адсочваць прасоўванне чаргі, пры неабходнасці пазначыць іншыя індывідуальныя патрэбы», — сказаў Петрышэнка.
Якія праблемы ёсць з чаргой у дзіцячы садок
Зараз бацькі маюць права паставіць дзяцей на ўлік адначасова ў некалькіх раёнах. Гэта скажае інфармацыю аб рэальнай патрэбе ў месцах. Асабліва гэта характэрна для буйных гарадоў, сказаў Петрышэнка.
Па словах Петрышэнкі, праблемы атрымаць накіраванне ў садок няма. Але ёсць праблемы крокавай дасяжнасці дзіцячых садкоў. Каб гэтага пазбегнуць, віцэ-прэм'ер прапанаваў «больш шырока выкарыстоўваць магчымасці арганізацыі падвозу выхаванцаў», а таксама «змяняць стэрэатыпы, што склаліся». На яго думку, у шэрагу краінаў распаўсюджана практыка аддаваць дзіцё ў бліжэйшы садок ад месца працы бацькоў.
Як даведацца пра вольныя месцы ў садку
У траўні 2022 года ў Беларусі запусцілі інтэрактыўную мапу. На ёй пазначаны ўстановы дашкольнай адукацыі і колькасць вольных месцаў у іх. Інфармацыю на мапах абяцалі абнаўляць 5 чысла кожнага месяца.
Колькі ў Гродзенскай вобласці працуе дзіцячых садкоў
У вобласці працуе 414 дзіцячых садкоў. Іх наведвае 45 тыс. дзяцей. У дашкольных установах функцыянуе 1146 груп кароткатэрміновага перабывання, 96 санаторных груп, 274 групы інтэграванай адукацыі і выхавання, 354 спецыяльныя групы, 262 пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.
Акрамя гэтага 87 дадатковых месцаў для дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту адкрылі ў садках праз адкрыццё дадатковых памяшканняў, якія раней не выкарыстоўвалі па прызначэнні.