Кожны чацвер з 23 чэрвеня па 4 жніўня 2022 года ў касцёле Маці Божай Анёльскай (Францішканскі касцёл) можна будзе паслухаць самы стары ў Беларусі арган. Там адбудуцца канцэрты ў межах фестывалю арганнай музыкі “Ars Magna Organi”.

Якая праграма і хто будзе граць?
- 23 чэрвеня, 19.30 – Кацярына Іванова (Віцебск)
- 30 чэрвеня, 19.30 – Калініка Мядзведзева (Мінск)
- 7 ліпеня, 19.30 – Ірына Разанава (Санкт-Пецярбург) – арган і Васілій Мельнікаў (Любляны) – скрыпка
- 14 ліпеня, 19.30 – Інна Шпілеўская (Наваполацк)
- 21 ліпеня, 19.30 – Ганна Горбач (Мінск)
- 28 ліпеня, 19.30 – Анастасія Скідзельнікава (Масква)
- 4 жніўня, 19.30 – Канстанцін Воластнаў (Масква)
Уваход на ўсе канцэрты бясплатны.
Таксама канцэрты арганнай музыкі адбудуцца ў касцёле Найсвяцейшага адкупіцеля на Курчатава, 41. Там усталяваны сучасны электронны арган.
- 3 верасня, 20.00 – Калініка Мядзведзева (Мінск) – арган, Анастасія Турчанінава (Мінск) – скрыпка
- 10 верасня, 20:00 – Вераніка Багдановіч-Язвінская (Віцебск) – арган, Аляксандра Палятаева (Віцебск) – флейта
- 17 верасня, 20.00 – Ганна Горбач (Мінск)
Што за фестываль Аrs Magna Organi
Рэспубліканскі фестываль Аrs Magna Organi (Вялікае мастацтва аргана) у 2022 годзе адбудзецца ў 11 гарадах Беларусі. У Гродзенскай вобласці канцэрты адбудуцца ў Гродне, Лідзе і вёсцы Мсцібава [Ваўкавыскі раён – Hrodna.life]. Агулам па Беларусі з 18 чэрвеня па 18 верасня адбудзецца 54 канцэрты арганнай музыцы. У фестывалі прымуць удзел арганісты з Беларусі і Расіі.
Большая частка сродкаў фінансавання фестывалю – сродкі, якія ў 2020 годзе ў спадчыну фестывалю пакінуў Юрый Зісер.
Чым адметны арган у Францішканскім касцёле ў Гродне
Арган на 12 галасоў, які размяшчаецца ў касцёле Маці Божай Анёльскай, лічаць самым старым у Беларусі. Яго вырабіў ў 1750 годзе Мацей Краеўскі па фундацыі Канстанцыі Міхаліны Лазавой. Яго цана тады была тры тысячы злотых і 150 тымфаў (крэдытных манетаў) за яго транспарціроўку ў Гродна.

Арган двойчы перабудоўвалі, у 1884 і 1988 гадах, але праспект [пярэдні бок аргана – Hrodna.life] і частка трубаў захавалі з 1750 года. Апошні грунтоўны рамонт інструмента адбыўся ў 2014 годзе. Да гэтага часу інструментам не карысталіся працяглы час.




