У Гродне затрымалі таксіста службы “Яндэкс”, які ў 2021 годзе адмовіўся везці супрацоўніка міліцыі ў форме. Відэа з запісам адмовы абслугоўваць ён выклаў у інтэрнэт. У чэрвені 2022 года да яго прыйшлі сілавікі і затрымалі. З ім запісалі “пакаяннае” відэа.
Відэа пачынаецца з запісу 2021 года. Супрацоўнік міліцыі ў форме сеў у аўтамабіль таксі. “Адразу хачу сказаць, што я супрацоўнікаў МУС не ваджу”, – сказаў таксіст. Далей ідзе відэа затрымання. Гродзенца затрымалі ў двары прыватнага дома, жорстка паклаўшы на зямлю.
На камеру таксіст сказаў, што выкладваў “экстрэмісцкія матэрыялы з нагоды міліцыянтаў і дзейнага прэзідэнта”. “Улічыў, моцна шкадую, за свае абразы хачу папрасіць прабачэння перад супрацоўнікамі міліцыі і дзеючым прэзідэнтам. Усё асэнсаваў, ва ўчыненым раскайваюся”, – сказаў ён на камеру.
Паведамляецца, што ўзбуджаная крымінальная справа. У праўладным Telegram-канале сцвярджаюць, што гродзенец раней судзімы.




