У падтрымку палітзняволеных музыкаў з гурта Irdorath лідар гурта “Акварыум” Барыс Грабеншчыкоў выстаўляе на дабрачынны аўкцыён сваю камізэльку. У ёй ён выступаў падчас канцэртнага тура 2005-2006 гадоў.
– Калі людзей садзяць у турму за тое, што яны граюць музыку на вуліцы, гэта значыць, што ў свеце нешта вельмі не так. А гэта значыць: калі можаш хоць чымсьці дапамагчы — дапамажы, — сказаў Барыс з нагоды ўдзелу ў дабрачынным аўкцыёне.
Усе сродкі ад продажу лота будуць скіраваныя на падтрымку палітзняволеных музыкаў з гурта Irdorath.
Камізэлька – брытанскага брэнда Neal & Palmer. Шоўк барвовы з вышыўкай (спераду), чорны (спінка), памер ззаду рэгулюецца раменьчыкам. Даўжыня – 64 см, шырыня – 54 см.
Пакуль стаўка – €1 067. Аўкцыён будзе доўжыцца два тыдні.
Надзеі і Уладзіміру Калач, лідарам фэнтэзі-фолк гурта Irdorath, 14 снежня 2021 года прысудзілі па два гады калоніі. Іх абвінавацілі паводле ч. 1 і 2 арт. 342 КК “Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак” за музычныя выступы на маршах пратэсту ў Мінску. З улікам часу, праведзенага ў СІЗА, тэрмін зняволення складзе 1,5 года. Уладзімір і Надзея – муж і жонка, гродзенцы. Абодва музыкі прызнаныя палітвязнямі. Музыкі Пётр Марчанка, Юлія Марчанка і Антон Шніп з групы Irdorath асуджаны на 1,5 года калоніі агульнага рэжыму.









