1227 заяў аб вызваленні ад аплаты паслуг з поўным пакрыццём выдаткаў разгледзелі камісіі Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Гродна з пачатку года. Гродзенцы пацвярджалі працоўную занятасць, у тым ліку за мяжой, знаходжанне ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, занятак рамесніцтвам. Аб сітуацыі ў горадзе расказала “Гродзенская праўда”.

У спісы плацельшчыкаў жыллёва-камунальных паслуг па тарыфах з поўным пакрыццём выдаткаў уносяць тых, каго прызнаюць “дармаедам”. Займаюцца гэтым пастаянна дзеючыя камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Такія ёсць у кожным райвыканкаме. Каб вас выключылі са спісу, трэба падаць у камісію дакументы, якія пацвярджаюць занятасць.

За што дармаеды плацяць больш?

Не занятыя ў эканоміцы павінны ўносіць поўную плату за падагрэў вады, цеплазабеспячэнне, а таксама газазабеспячэнне – пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў. Тарыфы вызначаны Указам Прэзідэнта ад 23 снежня 2021 г. №507 “Аб устанаўленні тарыфаў для насельніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі на 2022 год”.

Праца па-за ЕАЭС ужо не лічыцца

З сакавіка 2022 года ў Беларусі ў пытанне “дармаедства” ўнеслі шэраг змяненняў. Раней чалавек, які працуе або навучаецца за мяжой, прызнаваўся занятым, калі падаў адпаведныя дакументы. Цяпер улічваецца толькі праца ці вучоба на тэрыторыі дзяржаваў – удзельнікаў Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэта Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Расія.

Як даведацца, ці не дармаед я?

Катэгорыі грамадзян, якія прызнаюцца незанятымі, вызначыла пастанову Савета Міністраў №239 ад 31 сакавіка 2018 г.

Спісы працаздольных грамадзян, якія не занятых у эканоміцы, фармуюцца штоквартальна. Каб праверыць, ці ўключаны ў базу, неабходна звярнуцца ў камісіі па месцы рэгістрацыі. Гродзенцы могуць звярнуцца ў службу “Адно акно” адміністрацый Ленінскага (вул. Лермантава, тэл. 39-59-34) або Кастрычніцкага (вул. Гагарына, 18/2, тэл. 49-06-89) раёнаў.

Чытайце таксама:

Як дапамогуць беспрацоўным?

Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага гарвыканкама за 2022 год дапамагло ў працаўладкаванні 1477 грамадзянам, 55 чалавек накіравалі на прафесійнае навучанне, 17 беспрацоўным далі бязвыплатную субсідыю для арганізацыі прадпрымальніцкай і рамеснай дзейнасці. Штодня ў базе дадзеных у Гродне ёсць больш за 2800 вакансій.

Асноўныя меры па забеспячэнні занятасці насельніцтва на 2021-2025 гады вызначаны дзяржаўнай праграмай “Рынак працы і садзейнічанне занятасці”. Непрацуючым грамадзянам прапануюць:

  • варыянты працаўладкавання,
  • часовую занятасць,
  • накіраванне на прафесійнае навучанне з наступным працаўладкаваннем,
  • фінансавую падтрымку для жадаючых арганізаваць уласную справу,
  • для людзей, якія маюць абмежаванні да працы па стане здароўя, ужываюць індывідуальны падыход і спецыялізаваныя праграмы.