Уладальніцу пітомніка, дзе ў лютым 2022 года каля 200 сабакаў мініпарод трымалі ў кепскіх умовах, пакаралі штрафам у 480 рублёў. Жанчыну абвінавацілі паводле ч.2 арт.13.3 КаАП (Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць). Пра гэта паведаміў Гродзенскі эканамічны суд.
Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна прадала не менш за трох сабак па заніжанай цане і без дакументаў. Яна тлумачыла гэта дэфектамі, якія маюць сабакі. Падчас продажу жанчына прадстаўлялася не ўласніцай жывёлаў, а валанцёркай.
Акарамя гэтага, суд пастанавіў канфіскаваць ў жанчыны палову прыбытку, атрыманага ад продажу сабак — 185 рублёў.
Скандал вакол пітомніка
У лютым 2022 года стала вядома, што ў пітомніку ў вёсцы Барацін (Карэліцкі раён) каля 200 сабакаў мініпарод трымаюць у кепскіх умовах. Гэта стала вядома з відэа, якое зняў адзін з пакупнікоў. Ён зацікавіўся ўмовамі, у якіх жыў яго новы гадаванец.
Жывёлаў утрымлівалі ў цесных клетках, антысанітарыі і цемры. Гродзенскія валанцёры забралі адтуль 32 сабакі. Астатніх — іншыя зааабарончыя арганізацыі з Мінска, Ваўкавыска, Ліды, Навагрудка і Заслаўя.
У аб’яве на гандлёвай пляцоўцы ёрк з гэтага пітомніка каштаваў 50 рублёў - у 10 разоў менш за рынкавы кошт. Прадавец патлумачыла, што ў сабакі пашкоджанае вуха. Пакупнікі сустрэліся з ёй на вакзале ў Карэлічах, туды ж яна прывезла ёрка. У сабакі не хапала некалькіх зубоў, быў аблезлы хвост і праблемы са скурай. Спаў сабака стоячы.
Чытайце таксама: 12 гадоў таму быў паважаны гадавальнік. Што вядома пра заводчыцу сабак, якая трымала ў страху вёску пад Карэлічамі