Новы храмавы комплекс плануюць пабудаваць на скрыжаванні Індурскай шашы і вул. Малахавіцкай. Адным з прататыпаў храма выбралі Каложскую (Барысаглебскую) царкву XII стагоддзя. Новы храм асвецяць у гонар праваслаўнага святога Аляксандра Неўскага, піша Telegram-канал Urban Hrodna.
Храм спраектаваны ў стылістыцы Гродзенскай архітэктурнай школы старажытнарускага дойлідства, з арыентацыяй на візантыйскую і раманскую архітэктуру. Паводле разлікаў праекціроўшчыкаў, ён павінен змясціць 286 чалавек. Праект распрацоўвае майстэрня «Прохрам».
Комплекс будынкаў узвядуць паміж Індурскай шашой і прыватным сектарам. Плошча забудовы храма складзе 498,7 м², агульная плошча забудовы на ўчастку — 1285,8 м². У комплекс уваходзяць:
- асноўны храм,
- званіца над уваходнай групай,
- парафіяльны дом,
- малы храм-капліца,
- вадасвятная капліца,
- гараж-майстэрня,
- дзіцячая пляцоўка,
- паркоўкі: 2 для вернікаў - усяго на 27 месцаў, уключна з месцамі для людзей з інваліднасцю, 2 для прычта — усяго на 8 месцаў.
- пляцоўка ТБО.
Храм даўжынёй 24,84 м, шырынёй 12,1 м запланаваны як цэнтральны аб’ект комплексу. Вышыня да яблыка крыжа складзе 19,95 м. На ніжнім паверсе асноўнага храма размесцяць крыптавы храм і тэхнічныя памяшканні.
Асноўны будаўнічы матэрыял — цэгла (сцены 770 мм), для вонкавага аздаблення выкарыстоўваюць плінфу (тонкі цэгла) і клінкерную плітку, стылізаваную пад плінфу. Фасады ўпрыгожаць характэрнымі для Каложскай царквы ўстаўкамі з паліраваных каляровых валуноў і паліраванай керамічнай пліткі (маёлікі) з крыжовай арнаменталістыкай. Па праекце, пры павелічэнні вышыні колькасць і памер валуноў памяншаецца. Аконныя праёмы звонку, па-над шклопакетамі, закрыюць каменнымі накладкамі са светлавымі праёмамі ў выглядзе дэкаратыўных колаў і дробных трыкутнікаў. Дзверы металічныя, арачныя фрамугі з барэльефамі. Закамары і арачныя вокны з дзвярыма ўпрыгожаны плінфай. Купал мае плоскае аснаванне, характэрнае для дамангольскага перыяду старажытнарускага дойлідства. Матэрыял даху — свінец. Купал — свінец або набеленае золата.
У аснове храма — крыжова-купальная схема з трыма паўкруглымі апсідамі, алтар традыцыйна прыўзняты і накіраваны на ўсход. Алтарную апсіду ўпрыгожаць мазаікай. Храм перакрыты скляпеннямі і вянчаецца адным светлавым барабанам на чацверыку з ветразямі ў інтэр'еры і купалам зверху. У будынку будзе тры ўваходу.
Парафіяльны дом плануюць на тры паверхі. Ніжні паверх будзе падвальны, там размесцяць санвузлы, кацельню для ўсяго комплексу, інжынерныя і падсобныя памяшканні. На першым паверсе будынка спраектавана вялікая зала сходаў, да яе прымыкае трапезная з кухняй. Таксама на паверсе будуць класы, санвузлы, гардэроб і хол. На другім паверсе размесцяць кабінеты і пакоі адпачынку. У парафіяльным доме збіраюцца стварыць цэнтр духоўна-маральнай асветы моладзі і музей першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева).
Візуальнай дамінантай ансамбля, заўважнай з шашы, будзе чатырох’ярусная званіца. Пры ёй размесцяць вартоўню і краму.
Праезды на генплане забяспечаць пажарны аб’езд, доступ да ўсіх будынкаў і магчымасць хросных хадоў. Надзел азеляняць, размесцяць лаўкі, агароджы. Паркоўку для аўтобусаў плануюць размясціць з іншага боку вул. Малахавіцкай, насупраць званіцы. Мяркуючы па схеме, на тэрыторыі храма перад дзіцячай пляцоўкай паставяць помнік воінам, якія загінулі пры вызваленні Гродна. У куце тэрыторыі захаваюць існуючы мемарыяльны крыж.
Калі пройдуць грамадскія абмеркаванні
Грамадскія абмеркаванні пройдуць з 24 траўня па 17 чэрвеня. Заўвагі і прапановы з паметкай «Грамадскае абмеркаванне» прымае:
- Гродзенскі гарвыканкам (пл. Леніна, 2/1, 230 023, Гродна; e-mail: gorisp@gorod.grodno.by; сэрвіс «Электронныя звароты» на сайце гарвыканкама);
- Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама (пл. Тызенгаўза, 3, 230 023, Гродна; e-mail: arhitektura@gorod.grodno.by).
Убачыць праект можна з 24 мая па 7 чэрвеня ва ўпраўленні будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама (пл. А. Тызенгаўза, 3).
Прэзентацыя праекта пройдзе 8 чэрвеня, у 15:00, у каб. № 1 упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва.
Планавалі будаваць копію храма да руйнавання
У новым храме задумвалі ўзнавіць першапачатковы выгляд Каложскай царквы ў XII стагоддзі адразу пасля пабудовы. Так ідэю будаўніцтва патлумачыў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній падчас гашэння паштовага блока «Каложская ікона Божай Маці» восенню 2021 года. Таксама ён казаў, што храм прысвецяць 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Храм задумалі як «помнік міру, згоды і працягу глыбокіх хрысціянскіх традыцый».
Чытайце таксама: