Стравы з таркаванай бульбы з Гродзенскай вобласці – дранікі, бульбяныя бліны і бабку – прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Гэта адбылося 13 траўня на пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, паведаміў  Telegram-канал “Культура Гродненщины”. 

Дранікі і бабку з-пад Гродна прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Што гэта дасць у практыцы і чаму забылі пра кішку?
Дранікі. Ілюстратыўнае фота.

Стравы для дэгустацыі прадставілі гаспадыні Гродзеншчыны. “Дранікі” і “бульбяныя бліны” прыгатавалі жыхаркі Іўеўшчыны і Лідчыны. “Банды на дубовых лісцях” – гаспадыні з мястэчка Юбілейны Ваўкавыскага раёна. “Бульбяную бабку” – з Адэльска Гродзенскага раёна.

Дранікі прыйшлі з Германіі, а вось кішка і бабка – беларускія

“У прынцыпе, гэта вартае пачынанне. Стравы з таркаванай бульбы сапраўды можна лічыць нацыянальнымі беларускімі, хаця яны і прыйшлі да нас з Германіі пры пасярэдніцтве габрэяў-карчмароў”, – рассказаў Hrodna.life гісторык Алесь Белы.

Алеся Белага здзівіла, што не згадана бульбяная кішка – блізкая да бабкі страва, толькі ў абалонцы з кішак. “І кішку і бабку можна лічыць найболей беларускімі з гэтых страў. Таму што самі назвы беларускія. У Польшчу яны прыйшлі ўжо ад нас. Як тыпова “крэсовыя” стравы. У польскім Супраслі нават праводзіцца штогадовы чэмпіянат свету па запяканні кішкі і бабкі. Але я нічога не чуў пра ўдзел беларускіх каманд”.

Уключылі ў спіс – а што далей?

Алесь Белы не зусім разумее, што вынікае з уключэння гэтых страў у афіцыйны спіс у практычнай плоскасці – “апроч чыста бюракратычных маніпуляцый”.

“Як бы гэта мусіла выглядаць у ідэале? Дзяржава мусіла б стымуляваць, напрыклад, стварэнне асацыяцый вытворцаў гэтых страў, або рэстаратараў, якія ўзялі б на сябе абавязак стала падтрымліваць наяўнасць гэтых страў у продажы. А ўзамен атрымалі б нейкія гаранты на развіццё і прасоўванне сродкамі дзяржаўнага і адміністрацыйнага рэсурсу. Але я не ўпэўнены, што выпадковы турыст, заехаўшы ў той жа Адэльск, зможа лёгка знайсці гэтыя стравы ў мясцовым грамадскім харчаванні”, – сказаў Алесь Белы.

Чытайце таксама: Абяцаюць найлепшыя дранікі ў горадзе: на Ажэшкі адкрылася кафэ з беларускім каларытам

Акудовіч: “мутныя” крытэрыі і “нармальнае” брэндзіраванне

Гісторык і экскурсавод Цімафей Акудовіч у сваім Facebook крытыкуе саму працэдуру унясення ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Гэта нібыта дае брэндзіраванне, але яно не працуе належным чынам. “Нармальнае брэндзіраванне прадукту значна лагічней рабіць з дапамогай нармальных піяршчыкаў, а не праз Мінкульт”, – піша Акудовіч.

Ён лічыць крытэрыі дзяржаўнага спісу “мутнымі”, а саму працэдуру вельмі залежнай ад таго, ці ёсць у канкрэтным раёне актыўныя працаўнікі культуры.

“На раёне можа захавацца ўнікальная нематэрыяльная з’ява, але мясцовы работнік культуры жыве ад 9 мая да 3 ліпеня і знаць нічога не знае пра традыцыю. А ў суседнім раёне амбітны культработнік фіксуе і падае хоць бы што, каб засвяціцца. І ў Радзе мусяць працаваць з тым, што дойдзе. А фіксуе з’яву ён непрафесійна. І досыць часта не бачыць дыяментаў сярод шаблонных рэчаў. Фармаваць спіс і праводзіць фіксацыю лагічней спецыялістам. І не з пазіцыі пасіўных «прыёмшчыкаў», але з актыўнай пазіцыі збіральнікаў”, – тлумачыць сваю пазіцыю Акудовіч.

Галоўная думка Акудовіча: “Сапраўдныя нематэрыяльныя каштоўнасці не жывуць у Дамах Культуры”. Маўляў, занясенне ў спіс не захоўвае нейкага абраду ці трацыцыі, а толькі фіксуе. Каб традыцыя захавалася, яна павінна жыць у супольнасці.

Колькі розных рэцэптаў сабрала па ўсей Беларусі Міністэрства культуры?

Перад разглядам прапановы навукова метадычнай радай, традыцыю страваў з бульбы вывучылі і зафіксавалі па ўсёй Беларусі, запэўнівае Мінкульт. Агулам зафіксавана 235 народных рэцэптаў. Мінкуль абяцае ўключыць стравы з таркаванай бульбы ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ў бліжэйшы час.