нерухомасць у Гродне

Студэнта Кірыла Кетурка з Гродна асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» за паведамленні ў чатах і ўдзел у адным пратэстным маршы. Яго затрымлівалі ў верасні 2020 года, калі яму было 16 гадоў. Тады яго ў аўтазаку адвезлі ў РАУС, пагрозамі прымусілі разблакаваць тэлефон і аддалі куратару каледжа. Хлопец не хаваў, што выступае супраць улады — праз паўтара года ўжо паўналетняга Кірыла пачалі судзіць.

6 траўня 2022 года ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна вынеслі прысуд 18-гадоваму студэнту Кірылу Кетурко. «Вясне» стала вядома пра прысуд праз тыдзень. Гродзенца прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК і асудзілі да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Хлопца вызвалілі з-пад варты ў зале суда, паведамляе «Вясна». Ён быў у зняволенні з 3 лютага. Арышт з яго маёмасці - гульнявой прыстаўкі, мабільнага тэлефона і планшэта — зняты ў сувязі з адсутнасцю маёмасных спагнанняў.

За акцыю пратэсту 6 верасня ў Гродне ўжо асудзілі некалькі дзясяткаў чалавек. Праз паўтара года ў горадзе працягваюцца затрыманні гродзенцаў, якіх чакае суд па арт. 364 і (ці) 342 КК. Паводле інфармацыі Hrodna. life, асудзіць за гэтую акцыю могуць да 400 чалавек — столькі чалавек праваахоўныя органы выявілі. Крымінальную справу можна параўнаць з падобнай «справай карагодаў» ў Брэсце.

Паводле версіі абвінавачвання, з 13 жніўня да 13 лістапада 2020 года ён арганізоўваў, масавыя мерапрыемствы ў Гродне. Пры гэтым, «натхняў» сваімі публікацыямі ўдзельнікаў гарадскіх Telegram-чатаў і нібыта заклікаў людзей да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Акрамя таго, 6 верасня ён узяў удзел у вулічным шэсці, «адмаўляючыся выконваць патрабаванні супрацоўнікаў і спыніць супрацьпраўныя дзеянні».

Хлопец прызнаў віну, а міліцыянты яго не ўспомнілі

Справу разгледзела суддзя Маргарыта Ланцэвіч з удзелам народных засядацеляў Л. В. Якалцэвіч і Л. Д. Кашырынай. Бок дзяржабвінавачання падтрымала Алена Траццякова. Следчым па справе хлопца быў старэйшы лейтэнант юстыцыі Дзмітрый Бакун.

Кірыл Кетурка прызнаў сваю віну. Ён распавёў, што 6 верасня ён прыйшоў на плошчу ў Гродна, каб прыняць удзел у шэсці грамадзян. Падчас мерапрыемства яго затрымалі супрацоўнікі АУС. Таксама ён пацвердзіў, што неаднаразова пакідаў паведамленні ў Telegram-каналах «Гродно 97%», «Ихтиандры Гродно», «м-н Форты и те, кто рядом» — у тым ліку, каб людзі збіраліся для ўдзелу ў масавым мерапрыемстве.

Сведкі-міліцыянты ў паказаннях не згадвалі Кірыла.

Што было ў 2020-м?

16-гадовага студэнта Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Кірыла Кетурка затрымалі падчас мірнага маршу 6 верасня 2020 года на праспекце Янкі Купалы. На яго склалі пратакол за парушэнне парадку правядзення масавых акцый. Па законе, яго павінны былі неадкладна перадаць бацькам. Пазней на камісіі па справах непаўналетніх яго аштрафавалі на 10 базавых велічынь (тады — 270 рублёў).

Чытайце таксама: