У мікрараёне Зарыца-2 хочуць пабудаваць таўнхаўсы. Ужо шосты квартал падобнай забудовы размесцяць у раёне вуліц Ваньковіча і Горы. Забудоўшчыка вызначаць падчас аўкцыёна. Пра гэта паведаміў Гродзенскі цэнтр нерухомасці. 

У Зарыцы пабудуюць шосты квартал таўнхаўсаў. Аўкцыён адбудзецца летам
Участак пад будаўніцтва таўнхаўсаў у мікрараёне Зарыца-2. Крыніца: gcn.by

Памер участка пад будаўніцтва – каля 50 сотак. Пачатковая цана тэрыторыі – 12,5 тыс. рублёў. Забудоўшчык павінен пабудаваць там адна- і двухпавярховыя жылыя дамы, магчыма з мансардным паверхам. Будынкі не павінны перавышаць 7 метраў у вышыню. 

Аўкцыён па продажы участка адбудзецца летам 2022 года, удакладніў “Вечерний Гродно”. Але канчатковая дата яшчэ не вядома. Пераможца таргоў атрымае права арэнды зямельнага ўчастка на 50 гадоў.

Таўнхаўсы – двух-трохпавярховыя дамы, у якіх ёсць адна агульная сцяна. У кожнай кватэры – асобны ўваход. Часцей за ўсё ў кожнага ёсць свой задні падворак.  

Дзе яшчэ плануюць будаваць таўнхаўсы

У аграгарадку Гожа пад Гроднам на вуліцах Школьная і Сонечная плануюць вылучыць для новай забудовы 30 зямельных участкаў. З іх 30% прададуць з аўкцыёну.
У лютым 2022 года стала вядома, што на вуліцы Каплічнай хочуць пабудаваць два таўнхаўсы. Першы – дом на 10 кватэр. Гэта першы прыклад такой пабудовы ў Гродне. Другі – аднакватэрны дом тыпу катэджа.