Медыцынскі цэнтр пабудуюць на вул. Янкі Купалы ў Гродне. За свае сродкі ўзвядзеннем зоймецца Гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Тытунь”. Пакуль праект на стадыі праектавання. У лістападзе 2022 года плануюць пачаць будаўніцтва.
Гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Тытунь” выбірае падрадчыка для праектна-каштарысных работ да 12 траўня. Ён павінен распрацаваць індывідуальны праект для будынка. Яно будзе двухпавярховым, плошчай 4 547,50 кв. м.
Каштуе праектаванне 80 000 рублёў. Медыцынскі цэнтр “Тытунь” пабудуе за ўласныя сродкі. Удзельнікі павінны падаць дакументы, якія пацвярджаюць вопыт праектавання медыцынскіх аб’ектаў. Скончаць праектаванне да 30 верасня.
Будаўніцтва плануюць пачаць у лістападзе 2022 года. Тэрмін эксплуатацыі – 70 гадоў. Кошт будаўніцтва — 18,5 млн.

У планах быў МРТ, але пакуль адмовіліся – дорага
У новы будынак пераедзе ўжо існуючы медцэнтр “Мир здоровья”. Ён аказвае медыцынскія паслугі шырокага спектру: ад стаматалогіі да гінекалогіі, распавялі Hrodna.life у ГУП «Тытунь». Зараз ён знаходзіцца па вул. Арджанікідзэ, 18/1 на тэрыторыі Гродзенскай тытунёвай фабрыкі “Нёман”. Паслугі па-ранейшаму будуць прадастаўляць як супрацоўнікам прадпрыемства, так і гараджанам.
Якія менавіта паслугі дададуцца, на этапе праектавання складана сказаць, удакладніў прадстаўнік ГУП “Тытунь” для Hrodna.life. У планах былі, напрыклад, кампутарная і магнітна-рэзанансная тамаграфія. Але на дадзеным этапе дырэктар адмаўляецца ад гэтых паслуг з-за дарагоўлі.


