З 28 красавіка ў візавым цэнтры на вул. Горкага ў Гродне перасталі прымаць дакументы па жывой чарзе. Цяпер падаць дакументы на польскую візу можна толькі пасля анлайн-рэгістрацыі. Чэргі каля візавага цэнтра штодня налічвалі ад 30 да 100 чалавек.
Прычына – вялікі попыт, паведамілі чытачу Hrodna.life, які спрабаваў падаць дакументы на візу такім спосабам 28 красавіка. Атрымаць каментар у візавым цэнтры Hrodna.life не атрымалася – размаўляў з карэспандэнткай толькі аўтаадказчык.
Паводле інфармацыі Hrodna.life, у візавым цэнтры ўжо перыядычна пераставалі прымаць дакументы па жывой чарзе – на два тыдні. Але потым аднаўлялі падачу дакументаў у такім фармаце.
Хто можа прайсці па жывой чарзе?
Падобныя чэргі каля візавага цэнтра з’яўляліся як мінімум з сакавіка 2022 года. Калі не атрымлівалася запісацца анлайн, па жывой чарзе падаць дакументы на візу могуць беларусы з картай паляка або працоўнай дамовай.
Як правіла, кожны дзень у 15.00 супрацоўнік візавага цэнтра выходзіць да людзей і кажа, колькі людзей яны змогуць прыняць. Паводле інфармацыі Hrodna.life, некалькі дзён не прымалі нікога. “Таму што людзям тлумачылі, што не стойце цэлы дзень, а прыходзьце да трох, а яны цэлы дзень стаялі і яны (супрацоўнікі візавага цэнтра – Hrodna.life) паведамілі, што вырашылі наогул нікога не пускаць”, – паведаміла крыніца Hrodna.life.
У некаторых станоўчы досвед: у гродзенкі атрымалася падаць дакументы на візу за два дні. Тыдзень таму, з 18 па 22 красавіка, паперы на падачу на візы давалі ўжо на травень.
Праблема з візамі – і ў Tik Tok
Карыстальнік з Гродна запосціў у Tik Tok Відэа з чаргой на некалькі дзясяткаў чалавек ля візавага цэнтра. Яго відэа сабрала больш за 170 каментароў за суткі.
“Гадоў 25 такія чэргі, а да электронных анкет і побольш былі каля чыгуначнага вакзалу”, – пракаментаваў адзін з карыстальнікаў.
“Я там стаяў з нядзелі вечара да вечара аўторка. Затое ўдалося падаць дакументы на візы. Учора быў апошні дзень. Выдалі паперку з датай, калі трэба прыходзіць і падаваць дакументы”, – напісаў Валерый.
“Ва ўсіх візавых цэнтраў падобная сітуацыя”, – напісаў карыстальнік.
“310 рублёў пасярэдніку і не трэба стаяць у чарзе, я ўжо атрымаў”, – пракаментаваў Андрэй.
Чэргі па візы
Абмежаванні на наземны выезд з краіны Беларусь зняла 1 красавіка. Гэта актуалізавала пытанне атрымання віз. З-за вайны ва Украіне амаль усе краіны адмовіліся адкрываць беларусам візы. Многія краіны і раней перасталі выдаваць пэўныя катэгорыі шэнгенскіх віз, напрыклад, турыстычныя. У Гродне актуальнае пытанне атрымання польскіх нацыянальных віз: па карце паляка, рабочых і гуманітарных.
Пра праблемы з візамі казалі і гродзенскія турфірмы. Напрыклад, мінскія партнёры Гродзенскай фірмы працуюць з турыстычнымі візамі ў Грэцыю. На пачатак красавіка ў чарзе было больш за 800 чалавек.



