Хто гаспадыня сабакі, павешанага зімой у Пышках, гродзенскія зоаабаронцы высветлілі амаль адразу. Далей былі перапіска з ёй, са следчым і нечаканы вынік — гаспадыню назвалі пацярпелай. Зоаабаронцы з дабрачыннага аб’яднання «Выратуй жыццё» распавялі Hrodna.life, чаму ў гісторыі са шчанём усё не так проста.
21 студзеня 2022 года ў гродзенскім лесапарку Пышкі знайшлі заледзянелы труп шчаняці. Яму на той момант было тры-чатыры месяцы. Хтосьці павесіў яго на дрэве за шворку і так пакінуў.
«Першапачаткова праведзеныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і следчыя дзеянні вынікаў не далі. Аднак дзякуючы карпатлівай працы следчага атрымалася выявіць гаспадыню сабакі, а таксама вінаватага ў гібелі жывёлы», — расказала выданню «Минск Новости» прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
Публікацыя з’явілася 14 красавіка. 20-гадовую гаспадыню шчаняці ў ёй назвалі пацярпелай. Дзяўчына распавяла следчым, што мусіла са здымнай кватэры пераехаць да бацькоў, не магла ўзяць сабаку з сабой і аддала сябру. Сябар і павесіў жывёлу ў лесе. Следчым хлопец сказаў, што не змог адвезці шчаня ў вёску, а назад валанцёры яго быццам не бралі. Пазней аказалася, што ні ён, ні дзяўчына да іх не звярталіся.
Хлопцу прад’явілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 339−1 КК (жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое прывяло да яе смерці, здзейсненае з хуліганскіх намераў). Яна прадугледжвае грамадскія працы або штраф, або папраўчыя працы да аднаго года, або арышт.
Пасля публікацыі аб завяршэнні следства гродзенскія зааабаронцы расказалі у сябе ў сацсетках крыху іншую гісторыю. Адразу пасля навіны пра труп шчаняці ў Пышках валанцёры з САХ пачалі правяраць, ці не можа гэта быць адзін з іх былых гадаванцаў. Пад апісанне падыходзіла шчаня, якога забралі з пункта ўтрымання ў канцы снежня 2021 года — маленькая Мэй.
Зоаабаронцы-валанцёры з дабрачыннага аб’яднання «Спаси жизнь» («Ратуй жыццё») шукаюць новых гаспадароў жывёлам, дастаўленым у Пункт адлову і часовага ўтрымання безнаглядных жывёл пры «Спецаўтагаспадарцы» (САГ) у Гродне. Тых, каго не ўладкуюць за некалькі дзён, чакае ўсыпленне. За год атрымліваецца знайсці новы дом у сярэднім 328 жывёлам.
27 студзеня зоаабаронцы напісалі гаспадыні Мэй, спыталі, як справы, і папрасілі даслаць фота. Дзяўчына адказала не адразу, напісала, што працуе без выхадных і таму сабака «пакуль у вёсцы». На просьбу адведаць шчаня яна адказала, што «дзядуля не спраўляецца і прадаў [сабаку] суседу», але «бачыць яго праз дом». Просьба скінуць нумар суседа засталася без адказу. Калі зоаабаронцы папярэдзілі, што звернуцца ў органы ўнутраных спраў, дзяўчына іх заблакавала.
29 студзеня зоаабаронцы звярнуліся з пісьмовай заявай у Гродзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта. Яны напісалі, што, магчыма, знойдзены сабака — Мэй, прыклалі ўсе дадзеныя, у тым ліку пашпартныя, гаспадыні сабакі, перадалі скрыншоты перапіскі. Дзяўчына змяніла нумар тэлефона, закрыла акаўнт у Instagram, але валанцёры знайшлі яе новыя дадзеныя і таксама перадалі следству. Яны пагутарылі з маці былой гаспадыні Мэй і яе знаёмымі і пераканаліся, што сабакі няма ў жывых. Высветлілася, што гэта не першая яе жывёла, а дзядуля, якому яна нібыта аддала сабаку, памёр два гады таму. Таксама выявілася, што дзяўчына не пераязджала, распавяла Hrodna.life валанцёрка-зоаабаронца, папрасіўшы не публікаваць сваё імя.
«Потым з’явіўся хлопец, што да дзядулі хлопца адвезлі. Хлопец казаў, што аддаў яшчэ нейкаму знаёмаму. Яна хлусіла першапачаткова — значыць, яна ведала [што шчаня ўжо мёртвае], — перакананая валанцёрка. — Ведаць пра злачынства і не данесці — таксама караецца».
Усе новыя падрабязнасці перадавалі следчаму, але справа, па словах зоаабаронцаў, не рухалася. Тады яны пачалі пісаць адкрытыя пасты ў сацсеткі, звяртацца ў іншыя інстанцыі. У выніку следчы вусна адказаў, што калі будзе суд, прадстаўніка зоаабаронцаў таксама выклічуць. У якім статусе, валанцёры пакуль не ведаюць. Яны спадзяюцца, што пасяджэнне будзе адкрытым. Навіна пра тое, што вінаватага знайшлі пасля «аператыўнай і карпатлівай працы следчага» і гэта 20-гадовы сябар дзяўчыны, іх абурыла.
19 красавіка зоаабаронцы звярнуліся ў пракуратуру, каб там правялі дадатковае расследаванне наконт датычнасці гаспадыні шчаняці да злачынства.
Ці можна аддаваць жывёлу чалавеку, зоаабаронцы вырашаюць пасля доўгіх размоў з ім. Шмат каму адмаўляюць ужо па тэлефоне ці пазней пры асабістай сустрэчы. Напрыклад, калі чалавек бярэ «дзяўчынку» і не збіраецца стэрылізаваць, хоць гэта і абавязковая ўмова. Пры перадачы жывёлы ў валанцёраў застаюцца пашпартныя дадзеныя і кантакты новага гаспадара.
За гады працы зоаабаронцаў здараліся розныя сітуацыі: жывёла магла ўцячы, у вёсцы — з’есці пацучыную атруту, трапіць пад машыну, яе мог выкінуць і новы гаспадар. Часам жывёл вяртаюць валанцёрам назад — каля 10 сабак на год. Часам прыносяць і праз некалькі гадоў - калі, напрыклад, бралі ў вёску пажылому сваяку і ён памёр.
«Так, каб у горадзе не ведалі, куды вярнуць праз некалькі тыдняў - не бывала. Мне здаецца, што калі б сабака надакучыў - яна б вярнула. Думаю, што нешта адбылося», — распавяла валанцёрка. Яна дапускае, што шчаня магло загінуць і да таго, як апынулася ў лесе.
Чытайце таксама:
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…