Пляцоўку на вуліцы Левабярэжнай выставілі на аукцыён. Там хочуць размясціць аб’екты гандлю і грамадскага харчавання. Летась яе арандавалі арганізатары фестывалю “Vulitsa Ezha”, але адмовіліся ад планаў развіваць стрыт-фуд у Гродне.

На аўкцыён выставілі сем пляцовак па 24,5 кв.м кожная. Агульная плошча ўчастка – 171 кв.м. Пачатковая цана аб’екта – 725 рублёў. Пераможца аўкцыёна атрымае права арандаваць участак на тры гады.
Арэнда будзе каштаваць з 14 красавіка па 31 кастрычніка 26 базавых велічынь у месяц (832 рублі). Калі з 1 кастрычніка па 13 красавіка арандатар не будзе весці дзейнасці на пляцоўцы, то заплаціць 6 базавых у месяц (192 рублі).
Аўкцыён адбудзецца 17 траўня.
Што з папярэднімі ўладальнікамі
Права арэнды ўчастка на Левабярэжнай прадалі з аўкцыёна ў жніўні 2021 года. Уладальнікамі сталі мінскія бізнесмены – арганізатары фестывалю стрыт-фуда “Vulitsa Ezha”. Яны хацелі адкрыць там сезонны фудкорт. Пляцоўкай яны так і не скарысталіся.
“З-за складанасцей з партнёрамі, а таксама фінансавых складанасцей, мы былі вымушаны адмовіцца ад пляцоўкі і скасавалі дамову з гарвыканкамам”, – сказаў Hrodna.life адзін з арганізатараў “Vulitsa Ezha” Ягор Рытвінскі.
Па словах Ягора, ад планаў бізнесмены не адмаўляюцца. “Проста пакуль, у гэтым годзе, не бачым сэнсу. У наступным годзе, магчыма, калі пляцоўка будзе даступна. Бо тут патрэбна грунтоўная падрыхтоўка. А зараз мы б не паспелі якасна падрыхтаваць праект”.
Што планавалі там рабіць раней
У Гродне ўжо некалькі гадоў спрабавалі ажывіць Леванабярэжную. У 2019 годзе чыноўнікі абмяркоўвалі ідэю перанесці ўсе фудтракі горада ў гэта месца. Таксама прапаноўвалі праводзіць там канцэрты і мерапрыемствы. Актывісты хацелі адправіць туды пракат электрасамакатаў. Усэ гэтыя ідэі не здзейснілі. Літоўскі бізнесовец Томаш Пецюль, заснавальнік сеткі “Pizza&Coffee”, планаваў пабудаваць на гэтым месцы “марскую” рэстарацыю з грузавых кантэйнераў.


