35 лекараў-траўматолагаў затрымалі па Беларусі, расказаў на сустрэчы Аляксандр Лукашэнка, піша «Пул Первого». Сярод затрыманых — лекар, які абследаваў і яго самога. Пры ператрусах у затрыманых знайшлі ад € 300 000 да € 650 000. Лукашэнка лічыць, што адказваць за гэта павінен міністр аховы здароўя.
«Артапеды-траўматолагі. 35 чалавек не проста падказвалі, як я кажу, людзям, якія ляжалі на аперацыйным стале, якія імпартныя запчасткі ім у цела ўставіць, там, артапедычныя, а за гэта ад замежнікаў атрымлівалі хабары. У некаторых па € 300 тысяч, па € 50 тысяч выявілі толькі дома — на кішэнныя выдаткі захоўвалі. 35 чалавек», — выказаўся пра справу лекараў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах Лукашэнкі, да яго звярнуўся міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч з пытаннем, «як разабрацца». Ён прапанаваў яму пайсці ў следчы ізалятар і «там з імі разбірацца». Міністр пацвердзіў, што ён «персанальна з кожным правёў працу». Лукашэнка прапанаваў пры ўдзеле генеральнага пракурора Андрэя Шведа «вызначыцца, што мы будзем рабіць з гэтымі людзьмі».
«Я вельмі добра ведаю ход гэтай аперацыі: кантраляваў. Гэта не сёння, не ўчора пачалося. Я міністра аховы здароўя пра гэта папярэдзіў. Але на сёння 35 чалавек [затрыманыя]. І ўпэўнены (мяне ніхто ў гэтым не пераканае), што гэта не ўсе тыя, хто павінен там з імі побач сядзець», — адзначыў Лукашэнка.
Дзмітрый Піневіч звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай «узяць на парукі» лекараў пасля таго, як яны пакрыюць шкоду дзяржаве. Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру перагаварыць з кожным з затрыманых. Ім можа быць змененая мера стрымання пры ўмове выканання шэрагу патрабаванняў. У тым ліку гаворка ідзе — аб прызнанні віны, аб вяртанні сум і аб вяртанні на працоўныя месцы ў тыя ўстановы аховы здароўя, якія ім будуць вызначаныя міністрам, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
«Трапіўся» і лекар Аляксандра Лукашэнкі. Хто менавіта, не назвалі. «Я вельмі засмучаны гэтым фактам, але закон ёсць закон. Ён адзіны для ўсіх», — распавёў Лукашэнка.
«Чаму мы ў дастатковай колькасці не праводзілі рэкламную кампанію для людзей, якія суставы мяняюць, яшчэ нешта, і не завозілі гэтыя імпартныя запчасткі для чалавечага арганізма па лініі дзяржавы? Няўжо так складана было закупіць і завезці ў краіну? Ну калі хто-небудзь хоча, лічыць, што айчынныя гэта няякасныя — купляйце! Яны ж куплялі. Толькі яны плацілі утрыгарада. Таму што хабары ўваходзілі ў цану гэтага тавару. Гэта пытанне і вельмі сур’ёзнае пытанне. І я хачу, каб гэта стала для Міністэрства аховы здароўя, для міністра такой навукай — грунтоўнай. Таму што ну, ведаеце, трываць гэта невыносна і за гэта павінен адказваць кіраўнік. Я пра гэта ўжо не аднойчы казаў», — сказаў Лукашэнка.
«Прыбярыце ўсякае пасрэдніцтва», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў наладзіць прамыя пастаўкі лекаў і медвырабаў. «Мы павінны трымаць гэтыя пытанні пад кантролем. А каб яны былі пад кантролем, я ўжо тысячу разоў казаў: прыбярыце ўсякае пасярэдніцтва. Закупляйце наўпрост лекі і медыцынскія вырабы. Гэта можна рабіць нават у санкцыйны перыяд», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.
Па дадзеным факце следчым упраўленнем КДБ расследуецца крымінальная справа па частцы 1, 2 і 3 артыкула 430 «Атрыманне хабару», часткі 1 артыкула 431 «Дача хабару», а таксама часткі 1 артыкула 433 «Незаконнае грашовае ўзнагароджанне». У якасці падазраваных і абвінавачаных па крымінальнай справе прыцягнутыя 35 работнікаў устаноў аховы здароўя, а таксама пяць прадстаўнікоў камерцыйных структур, паведаміў «Беларусь 1» Канстанцін Бычак, намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Беларусі.
Паводле версіі КДБ, абарот адной з фірмы пастаўшчыка замежных эндапратэзаў, якія фігуруюць у справе, склаў амаль 12 млн долараў за 2019−2022 гады. Большасць абвінавачаных прызналі віну, супрацоўнічаюць са следствам, прадпрымаюць меры па выплаце ў даход дзяржавы даходу, атрыманага злачынным шляхам.
25−26 сакавіка ў Беларусі былі затрыманыя ад 25 да 50 траўматолагаў, паведамляе Z**kalo.io. Блізкія аднаго з затрыманых распавялі выданню, што лекар праходзіць па частцы 2 артыкула 430 КК «Атрыманне хабару паўторна, альбо шляхам вымагальніцтва, альбо групай асоб па папярэдняй змове, альбо ў буйным памеры». Максімальная санкцыя па гэтым артыкуле — 10 гадоў пазбаўлення волі. У Гродне затрымалі Андрэя Тодрыка, загадчыка артапеда-траўматалагічнага аддзялення № 2 бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД) Гродна. Таксама затрыманы загадчык траўматалагічнага аддзялення ЦРБ у Ваўкавыску Яўген Саўко.
Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…