З раніцы 17 красавіка гродзенскія праваслаўныя вернікі прыйшлі ў храмы на асвячэнне вербаў. Карэспандэнты Hrodna.life паглядзелі, як прайшла служба ва Уладзімірскім храме.

Кураняты, коцікі, кветкі – усё гэта “вырасла” на вербах

Лічыцца, што сустракалі пальмавымі галінамі і віталі Ісуса ў час ўваходжання ў Ерусалім. У Беларусі пальмы не растуць – іх у нас замянілі галінкамі вярбы. Іх ўпрыгожваюць самастойна ці купляюць каля храмаў. Да самага пачатку службы можна было выбраць сабе вербавы букецік на любы густ: ад сучасных з куранятамі да класічных з кветкамі.

Прадаўцы распавялі, што папулярнасцю карыстаюцца вербы з пупышкамі. Хтосьці бярэ тыя, што ўжо распусціліся, а хтосьці мяккія і пухнатыя. Такія галінкі вярбы часта называюць “коцікамі”.

“Падымайце вышэй і вітайце Хрыста”

Каля храма шмат параў і сем’яў з дзецьмі. Святар вітае ўсіх і віншуе са святам. Ён гучна просіць вернікаў падняць галінкі вярбы вышэй і вітаць уваходжанне Гасподняе ў Ерусалім. Прыхаджане ўсміхаюцца, дзеці імкнуцца падняць вярбы вышэй за галаву.

“Не я б’ю, вярба б’е. Праз тыдзень – Вялікдзень”

Асвячоныя вярбы людзі выносяць з сабой. Лічыцца, што гэтыя галінкі абараняюць дом ад бедаў, а гаспадароў – ад хвароб.