Юрый Сцепаненка не змог прыйсці на вынясенне прысуду свайму сыну Андрэю — у той жа дзень, 14 красавіка, а 7.50 у ягоную кватэру ўвайшла група захопу. Мужчыну павезлі на допыт. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), дапыталі і ўвечары адпусцілі дадому, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Крымінальную справу распачалі за каментар у чэрвені 2020 года.

Інжынера-праграміста з Гродзенскага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Андрэя Сцепаненка 14 красавіка асудзілі на паўтара года калоніі агульнага рэжыму. Яго судзілі за каментар, у якім былі радкі: «Я беларус і хачу жыць у Беларусі без Лукашэнкі. У Беларусі, у якой закон вышэй, важней за якогасьці там вусатага…». Каментар з’явіўся ў чаце выпускнікоў ліцэя, у якім было 10 чалавек. Яго ўбачыў міліцыянт пры аглядзе тэлефона, калі затрымліваў Андрэя за значок «Пагоня».

Тры месяцы Андрэй правёў у СІЗА турмы № 1 Гродна, адкуль яго 7 красавіка нечакана адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. 12 красавіка яго заключылі пад варту зноў.