Міністэрства адукацыі плануе пераглядзець рэкамендацыі аб правядзенні шостага школьнага дня. Па суботах дзецям плануюць выкладаць патрыятычнае выхаванне. Пра гэта 8 красавіка сказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас працоўнай паездкі ў Брэст.

“Шосты школьны дзень прадназначаны для таго, каб мы займаліся менавіта выхаваўчай працай. Тут кожны кіраўнік школы, класны кіраўнік, педагог, настаўнік у сваёй працы, якую ён выбудоўвае менавіта ў гэты дзень, павінен ставіць у главу кута нашую гістарычную спадчыну і патрыятычнае выхаванне”, – сказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец
Папярэднія рэкамендацыі наконт шостага школьнага дня пераглядалі пяць гадоў таму. “Мы разумеем, што час ідзе. У сучасных рэаліях мы павінны знаходзіць больш эфектыўныя падыходы менавіта ў пытаннях патрыятычнага выхавання моладзі”, – лічыць Іванец.
Што думаюць настаўнікі
“На конт патрыятычнага выхавання – я хачу, каб ад настаўнікаў у першую чаргу адчапіліся. У той сістэме, што існуе зараз, патрыятызм і ідэалогія адно і тое ж. Мне такое не падабаецца” – сказала Hrodna.life настаўніца адной з гродзенскіх школ.
На яе думку, зусім без мерапрыемстваў на патрыятычную тэматыку хутчэй за ўсё не атрымаецца. “Пра Вялікую Айчынную, канешне, трэба ведаць і пра Хатынь, і пра Дзень перамогі, але гэта не ўсё. Я не ведаю, як яны хочуць зрабіць [шосты школьны дзень – заўв. Hrodna.life]. Калі гэта, напрыклад, экскурсіі па музеях, гэта яшчэ норм, – мяркуе настаўніца, – а калі трэба будзе “ўліваць у вушы”, то гэта вельмі дрэнна”.


