У бліжэйшы час платнай зробяць аўтамабільную стаянку каля крамы “Абухава” на вул. Вялікай Траецкай. Так у ДАІ хочуць разгрузіць цэнтр горада ад транспарту, распавёў у інтэрв’ю «Гродна Плюс» начальнік УДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама Генадзь Бяляўскі.
У ДАІ Гродна правялі сумесны праект у гарвыканкаме з дэканам аўтатрактарнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Там разгледзелі пытанні мабільнасці транспарту. “У гэтым зацікаўлены і мэр горада – каб цэнтральная частка горада была даступная толькі для пешаходаў і веласіпедыстаў», — распавёў начальнік ДАІ.
Каб аўтамабілісты не паркаваліся ў дварах у цэнтры, паставяць шлагбаўмы, мяркуе Бяляўскі. Такім чынам праехаць туды змогуць толькі гараджане, якія жывуць там.
Стаянку хацелі зрабіць платнай яшчэ ў 2017 годзе. Чакалася, што ўсе грошы ад аплаты паркоўкі паступяць наўпрост у гарадскі бюджэт, а расходавацца будуць на добраўпарадкаванне горада, рамонт стаянак, пасадку кветак, прывядзенне ў парадак газонаў. Аднак, ідэя не была рэалізаваная. У пачатку 2020 зноў з’явілася інфармацыя аб тым, што паркоўку зробяць платнай. Зайшла гаворка аб тым, што ёй патрэбны гаспадар, які б адлічваў ў гарадскі бюджэт 70% выручкі ад абслугоўвання аўтаўладальнікаў. Але дэталёвых рашэнняў на гэты конт не было.
Новая інфраструктура
Пры праектаванні мікрараёнаў Альшанка і Грандзічы ў адпаведнасці з нарматывамі прадугледзелі дадатковыя пешаходныя і веладарожкі. Таксама з навінак – у новых Грандзічах транспарт у жылы квартал практычна не будзе заязджаць. Ён застаецца на “знешнім радыусе” кальца квартала.
У планах — кальцавая развязка замест скрыжавання па вул. Карскага. Таксама плануецца пуцеправод праз чыгуначныя шляхі ў напрамку Азёрскай шашы з выхадам на Грандзічы. “Гэта разгрузіць у большай ступені як праспект Кляцкова ў напрамку Дзевятоўкі, так і Румлёўскі праспект у напрамку Альшанкі”, – распавёў Бяляўскі.
Каля СШ №11 на вул. Белуша для бяспекі дзяцей рэалізавалі пілотны праект. Там зрабілі спецыяльную паркоўку для пасадкі і высадкі пасажыраў. На ёй забаронена пакідаць транспарт – можна толькі забраць дзіця. Гэты праект будуць выкарыстоўваць і далей у месцах, дзе вузка і высадка пасажыраў праблематычная. Напрыклад, у гэтым годзе яго рэалізуюць каля гімназіі № 9 па вул. Пестрака і СШ № 22 па вул. Урублеўскага.
Як ДАІ спраўляецца з рамонтам дарог
З закрыццём на рамонт Румлёўскага моста сітуацыя ў горадзе ўскладнілася. Асабліва гэта актуальна ў гадзіну пік – раніцай і ўвечары, калі людзі едуць на працу і вяртаюцца з яе. Супрацоўнікі ДАІ штодня манітораць сітуацыю. Даішнікі рэгулююць святлафоры – па сітуацыі дадаюць больш часу на зялёнае святло, каб прапускная здольнасць была большай. У некаторых месцах у гадзіны пік супрацоўнікі ДАІ самі рэгулююць сітуацыю.
На некаторых участках у Гродне ёсць праблема з захаваннем фарбы на дарожнай разметцы, прызнаў Бяляўскі. Летась не было магчымасці на ўчастках з інтэнсіўным рухам нанесці разметку спецыяльнай фарбай – тэрмапластыкам. Начальнік ДАІ паабяцаў выправіць сітуацыю сёлета.
Чытайце таксама: Правяраюць пры тэхаглядзе і кантралююць на грамадзянскім аўтамабілі. Як у ДАІ змагаюцца з шумнымі байкерамі



