На скрыжыванні праспекта Янкі Купалы і вуліцы Кабяка плануюць пабудаваць аднапавярховы гандлёвы цэнтр. Акрамя гандлёвых кропак так мае быць кафэ на 35 месцаў. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Urban Hrodna».

На Кабяка хочуць пабудаваць яшчэ адзін гандлёвы цэнтр. У якім месцы і што ў ім будзе?
Месца дзе плануюць пабудаваць новы гандлёвы цэнтр на Кабяка. Крыніца: Вечерний Гродно.

Як будзе выглядаць гандлёвы цэнтр

Новы гандлёвы цэнтр павінен быць аднапавярховы, ламанай формы. Ён будзе складацца з трох аб’яднаных аб’ёмаў памерамі 20×30 метраў кожны. Каркас хочуць зрабіць з маналітных жалезабетонных калон з пакрыццём з сэндвіч-панэляў. Дах будзе двухскатны, без гарышча.

Што будзе ў гандлёвым цэнтры

У будынку плануюць размясціць пяць гандлёвых памяшканняў для не харчовых тавараў і асноўную гандлёвую залу для прадуктаў. Таксама ў будынку запраектавалі кафэ на 35 месцаў.

Арганізуюць пад’езд і паркоўку

Асноўны праезд плануюць арганізаваць з вуліцы Кабяка. Перад уваходам у цэнтр арганізуюць паркоўку на 92 машына-месцаў, тры з іх — для людзей з інваліднасцю. Асноўныя ўваходы для наведвальнікаў прадугледзелі з боку прыпынка «Станцыя пералівання крыві», а таксама з іншага боку.

Тратуары выканаюць з бетоннай пліткі, а на месцах вольных ад пакрыцця арганізуюць газоны. Побач з гандлёвым цэнтрам усталююць сметніцы і лавы.

Спачатку адбудуцца грамадскія абмеркаванні

Праект новага гандлёвага цэнтра выставілі на грамадскія абмеркаванні. Яны будуць адбывацца з 9 красавіка па 3 траўня 2022 года ўключна. Заўвагі і прапановы можна пакінуць у пісьмовай і электроннай форме з пазнакай «грамадскія абмеркаванні».

Накіраваць зварот можна па адрасах:

  • Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, плошча Леніна, 2/1, 230 023 г. Гродна. Электронная пошта: gorisp@gorod.grodno.by;
  • Упраўленне архітэктуры і градабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, паштовы адрас: пл. Тызенгаўза, 3 230 023 Гродна. Электронная пошта: arhitektura@gorod.grodno.by;
  • Праз сэрвіс «Электронныя звароты» на афіцыйным сайце Гродзенскага гарвыканкама.

Прэзентацыя праекта адбудзецца 11 красавіка 2022 года ў 15:00 у кабінеце 1 (першы паверх) будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама па адрасе: пл. Тызенгаўза, 3.

Азнаёміцца з праектам можна будзе з 9 па 23 красавіка 2022 года з 8:00 да 13:00 і з 14:00 да 17:00 з панядзелка па пятніцу ў вестыбюлі будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама па адрасе: пл. Тызенгаўза, 3.