Тром з чатырох цукровых заводаў у Беларусі дадуць крэдыты ад 40 да 55 млн рублёў. Грошы выдадуць пад урадавыя гарантыі. Такое распараджэнне выдаў Савет міністраў. Грошы патрэбны для набыцця сёлетняга ўраджаю цукровага бурака.
Грошы выдадуць Скідзельскаму цукроваму камбінату — 54,5 млн, Гарадзейскаму цукроваму камбінату — 40 млн рублёў, а таксама Жабінкаўскаму цукроваму заводу — 49,5 млн рублёў. Крэдыты прадаставіць «Беларусбанк». Частку грошай камбінаты атрымаюць да 31 сакавіка 2022 года. Скідзельскі камбінат — 16,2 млн, Гарадзейскі - 16,3 млн, Жабінкаўскі завод — 17,5 млн.
Такі крэдыт, але ў меншым памеры, ужо выдавалі Скідзельскаму камбінату ў 2021 годзе. Тады яму спатрэбілася 40 млн рублеў. Пры гэтым непакрытыя страты камбіната за 2020 год складалі 50,6 млн рублёў
Былога дырэктара Скідзельскага камбіната асудзілі на 11 гадоў зняволення
Экс-дырэктара Скідзельскага цукровага камбіната Дзмітрыя Ягорава ў снежні 2021 года асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі. Ён быў фігурантам крымінальнай справы аб хабары ў буйным памеры. Справу расследаваў КДБ. У студзені 2021 года яшчэ аднаго з былых кіраўнікоў Скідзельскага цукровага камбіната асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за хабар.