Кнігу Віктара Ляхора «Вайсковая гісторыя Беларусі. Героі, сімвалы, колеры», неўзабаве могуць прызнаць экстрэмісцкай. Пракуратура Гродна накіравала такую заяву ў суд Ленінскага раёна. Пра гэта 22 сакавіка ў сваім тэлеграм-канале паведаміла актывістка і «інфаспецназаўка» Вольга Бондарава.
Рашэнне аб прызнанні кнігі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» павінен прыняць суд Ленінскага раёна ў Гродне. Рашэнне суда накіруюць у Міністэрства інфармацыі для ўключэння кнігі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У лісце да Бондаравай начальнік аддзелу па наглядзе за выкананнем заканадаўства Пракуратуры Гродзенскай вобласці Толкун адзначае, што паводле пастановы суда павінны будуць заблакаваць таксама інтэрнэт-рэсурсы, якія садзейнічаюць распаўсюду «экстрэмісцкай» кнігі на тэрыторыі Беларусі.
Кніга Ляхора ёсць у каталогах інтэрнэт-крамаў Wildberries, Ozon, Labirint.ru, 21vek і шэрагу дробных беларускіх крамаў. Але нідзе яе ўжо даўно няма ў наяўнасці. З OZ.by яна наогул знікла з каталогу.
Бондарава лічыць, што у кнізе Ляхора «ўсхваляецца калабрацыянізм і паліцайшчына ў любой яе вычварнай форме».
Вользе Бондаравай 39 гадоў. Яна прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці - за кантрабанду цыгарэт у Польшчу. Праходзіла пацярпелай па справе Васіля Пільца і Вадзіма Плаўскага. Здымала на відэа паразвешваныя ў Гродна стужкі, налепкі і сцягі, аб чым распавядала ў Telegram-канале.
Пра што кніга «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі, сімвалы, колеры»
Аўтар кнігі зрабіў спробу рэканструкцыі мінулага Беларусі з дапамогай сімвалаў, колераў і вобразаў. У кніге прадстаўлены і апісаныя беларускія народныя арнаменты, Крыж Еўфрасінні Полацкай, Біблія Скарыны, Статут ВКЛ, Слуцкі паяс, нацыянальны сцяг і герб Пагоня. Але большую ўвагу аўтар звярнуў на вайсковую сімволіку. У кнізе прадстаўлены ілюстрацыі і кароткія аповеды пра войска, а таксама імёны выбітных беларусаў.
Кніга выйшла з друку ў 2019 годзе як энцыклапедыя. Яна напісана на рускай мове. Над малюнкамі да кнігі працаваў калектыў ілюстратараў.
Аўтар кнігі займаўся нагляднай агітацыяй
Віктар Ляхор нарадзіўся ў 1965 годзе ў Віцебску. У 1987 годзе скончыў Львоўскую ваенна-палітычную вучэльню. Ва Узброеных сілах займаўся распрацоўкай вайсковай сімволікі, атрыбутыкі нагляднай агітацыяй, музейнай справай, графічнай рэканструкцыяй даспехаў і ўніформы. Таксама ілюстраваў кнігі, газеты і часопісы.
Чытайце таксама: «Інфаспецназаўка» Бондарава з Гродна хацела падтрымаць сілавікоў аўтапрабегам. Гарвыканкам не дазволіў