У Гродзенскім раёне плануюць пабудаваць базу адпачынку «ВСБ-Неман». Яе хочуць размясціць на беразе Нёмана у вёсцы Коматава. Там хочуць пабудаваць дом рыбака, лазню і запраўку для электрамабіляў. Пра гэта паведаміў Гродзенскі гарвыканкам.
Вёска Коматава знаходзіцца каля 3 км ад Гродзенскага вадасховішча. Ад Гродна да вёскі - 25 км, ад бліжэйшага мястэчка Абухава — 4 км. Базу адпачынку хочуць пабудаваць у цэнтры вёскі.
Плошча ўчастка — 70 сотак. Там будзе дом рыбака, лазня, альтанка для адпачынку, а таксама пляцоўкі з ачагамі. Акрамя гэтага, на ўчастку арганізуюць спартовыя і дзіцячыя пляцоўкі, а побач з базай — стаянку на шэсць аўтамабіляў з запраўкай для электрамабіляў. На беразе ракі ўсталююць пірс з альтанкай. На тэрыторыі пасадзяць больш за 100 дрэваў.
Хто пабудуе базу адпачынку
Забудоўшчык — фірма «ГроднаАграінвест». Яе асноўная дзейнасць — вытворчасць рапсавага масла і жмыху. Пабудаваць базу адпачынку плануюць у 2022−2023 гадах.
Грамадскія абмеркаванні праекта прайшлі ў снежні 2021 — студзені 2022. Заўваг ці прапановаў у іх час не паступала.
Пра развіцццё інфраструктуры на Гродзенскім моры кажуць больш за 10 год
Турыстычны патэнцыял вадасховішча абмяркоўвалі яшчэ да пачатку будаўніцтва ГЭС. У 2018 годзе ў Гродзенскім аблвыканкаме зацвердзілі генеральны план развіцця прыбярэжнай тэрыторыі. Прапанавалі стварыць тут паўнавартасную зону адпачынку з афіцыйнымі пляжамі, турбазамі і спартыўнымі цэнтрамі, пісала «Гродзенская праўда».
Гродзенскае мора — неафіцыйная назва вадасховішча, якое ўтварылася на Нёмане пасля пабудовы Гродзенскай ГЭС у 2012 годзе. Яго плошча — каля 2000 гектараў, працягласць — прыкладна 40 кіламетраў ад плаціны ГЭС уверх па плыні. У прыбярэжнай зоне вадасховішча знаходзяцца 20 населеных пунктаў Гродзенскага раёна і 14 — Мастоўскага.
Чытайце таксама: Амаль 10 гадоў, а пляжаў няма. На Гродзенскім моры людзі чакаюць інфраструктуру, а ўлады спадзяюцца на прыватнікаў
У будучай зоне адпачынку ўлады хочуць адкрыць 50 інвестыцыйных пляцовак, стварыць больш за тысячу працоўных месцаў. «Мы зацікаўленыя ў прыватным бізнэсе на вадасховішчы», — казаў у каментары для Hrodna.life начальнік Упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык.
Якія аб’екты павінны пабудаваць на Гродзенскім моры паводле генплану
- Яхт-клуб, прыстань для воднага транспарту, пляж — у раёне Шчарбавічаў;
- Дэндрапарк, рыбацкая вёска, канатная дарога, фестывальныя пляцоўкі - на паўвостраве ў раёне Свіслачы;
- База адпачынку і прыстань для судоў - каля Коматава, у месцы ўпадзення Котры ў Нёман;
- Паромная пераправа — каля вёскі Віцькі;
- Водна-спартыўная база — каля Загорцаў;
- Турыстычны комплекс з хаткамі, пракатам лодак і катамаранаў, прыстань для рачнога транспарту, абсталяваны пляж і аўтастаяка — у Берагавым;
- Прычал для лодак і пракат спартыўнага інвентара — у Александрава і Мігава.