Гродзенскага журналіста Дзяніса Івашына Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі абвінаваціў у супрацоўніцтве з украінскай выведкай. Пра гэта 22 сакавіка паведаміла БелТА.
«Украінскі бок, глыбока вывучыўшы асобу Дзяніса Івашына, усяляк яго стымуляваў, выкарыстоўваючы як матэрыяльнае ўзнагароджанне, так і іншага роду заахвочванні, якія маюць значэнне для фігуранта, прымаючы пад увагу ўжо сфармаванае ў яго жаданне быць датычным да лёсу Украіны», — напісала БелТА са спасылкай на КДБ.
На думку КДБ, сярод заахвочванняў украінскім бокам — грамата намесніка міністра абароны Украіны Ігара Пазыкова і выдача пасведчання замежнага ўкраінца. Акрамя гэтага, на рахунак Дзяніса Івашына нібыта паступалі долары ЗША.
«Усю „справу“ ў некалькіх сказах раскрылі»: Што кажуць сваякі Дзяніса
Пра тое, у чым вінавацяць Дзяніса Івашына, яго жонка Вольга даведалася ўвечары 22 сакавіка. Раней дэталі новай справы не разгалошваліся.
«Гэта дзіўна, то ж нібы „супер сакрэтная справа“, усе пад падпіскай пра неразгалошванне, карэспандэнцыю нават блакуюць, а тут на табе, усю „справу“ ў некалькіх сказах раскрылі. Няўжо ж цяпер скасуюць падпіску ў адваката напрыклад?» — сказала Hrodna.life жонка палітвязня Вольга Івашына.
На яе думку разгалошванне справы звязана з «падрыхтоўкай нападу войскаў РБ на Украіну».
«Яны ўжо і так столькі смеццевых феерычных казачных „абвінавачванняў“ выклалі, што яўна перабралі, нават для самых ушыбленых „патрыятызмам“ будзе выглядаць непраўдападобна. Я ўжо маўчу пра тое, што гэта ўсё проста нахабная хлусня!» — сказала Вольга Івашына.
Дзяніса Івашына трымаюць за кратамі больш за год
Журналіста Дзяніса Івашына затрымалі увечары 12 сакавіка 2021 года. З таго часу ён знаходзіцца пад вартай. У яго дома, на лецішчы, а таксама ў бацькоў супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. Раней было вядома, што Дзяніс праходзіць падазраваным паводле арт.365 КК — Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Яго прызналі палітвязнем. Ён не стаў пісаць ліст Лукашэнку аб памілаванні.
У верасні 2022 года Дзянісу выставілі новае абвінавачанне — ч.1 арт.356 КК Беларусі - Здрада дзяржавы. Палітвязню пагражае да 15 гадоў зняволення.