Гродзенскі мясакамбінат хоча абнавіць свой гандлёвы павільён насупраць рэстарана “Королевская охота”. Кіёск, што побач з домам па вул. Ажэшкі, 8, прыбяруць. На яго месцы з’явіцца прасторная “Кулінарыя” ў “класічным” стылі. Візуалізацыю размясцілі на сайце дзяржзакупак, яе заўважыў канал Urban Hrodna. Глядзіце, як зменіцца цэнтр горада.

Памеры павільёна – 10 метраў у даўжыню, 3,2 – у шырыню і 3,4 – у вышыню. Гандляваць там будуць круглы год: пры пабудове разлічаць зімовую снегавую нагрузку, а сцены і падлогу ўцяпляць. Павільён плануюць размясціць да 6 чэрвеня. Ён будзе мабільным і пры неабходнасці яго будуць перамяшчаць у іншае месца.

Гродзенскі мясакамбінат разглядае беларускія і імпартныя варыянты. Кошт закупкі – 150 000 рублёў з уласных сродкаў прадпрыемства. Калі ўдзельнікі прапануюць тавар беларускага паходжання, дапускаецца павышэнне цаны ў межах інфляцыі.