Вайна Расіі супраць Украіны станам на 10 сакавіка доўжыцца 15 дзён. На дапамогу ўкраінскім вайскоўцам ужо запісаліся каля 22 тысячы чалавек з 52 краін. Сярод іх ёсць і беларускія добраахвотнікі. Яны расказалі журналісту Руслану Кулевічу, чаму вырашылі адправіцца на дапамогу ўкраінскаму войску. Hrodna.life паглядзеў відэа і выбраў самае цікавае.
Беларускі штаб па каардынацыі і адпраўцы беларускіх добраахвотнікаў ва Украіну знаходзіцца ў Варшаве. 8 сакавіка адтуль адправілася чарговая група беларусаў ва ўзросце ад 18 да 53 гадоў. Усе яны гатовыя ваяваць на баку Украіны. Каардынатар добраахвотнікаў Павел ужо быў на вайне ва Украіне з 2016 па 2017 год.
«Усе пачалі разумець, што такое Расія і што пад сабой разумее праўленне ў Расіі - акупацыйны рэжым, якому заўсёды будзе мала. На гэтым не спыняцца. І беларусы хочуць адстаяць свой гонар. Бо з-за Лукашэнкі з нашай краіны б’юць ракеты па мірным насельніцтве Украіны. Беларусы хочуць супрацьстаяць, бо адносіны [паміж беларусамі і украінцамі - заўв. Hrodna.life] рэзка змяніліся. Многія кажуць: „Я хачу гэта выправіць. Каб да беларусаў ставіліся нармальна і разумелі, што беларусы братэрскі народ украінскаму“», - сказаў каардынатар дабраахвотнікаў Павел Кухта каналу «Мы вернёмся».
«Для мяне гэта справа гонару. Я не магу сядзець на ўзбоччы, пакуль дзеці маіх сяброў хаваюцца па падвалах і не хачу насіць таўро нацыі-ізгоя. Я ведаю, што беларусы не пакідаюць сваіх сяброў, калі патрэбна дапамога. Я дакладна не з тых, хто гатовы адсіджвацца на ўзбоччы. Я сяджу кожны дзень у бяспецы, а там хлопцы ваююць. Не магу проста сядзець і граць на гітары, калі ведаю, што магу там спатрэбіцца, — сказаў каналу „Мы вернёмся“ 18-гадовы добраахвотнік Андрэй. — Не баюся, бо даўно змірыўся з рызыкамі. Бласлаўленне ад маці атрымаў, яна ўхваліла і падтрымлівае. Моліцца за мяне».
Добраахвотнік Андрэй меў бізнес у Нямеччына. Ён пакінуў сваю справу і паехаў ва Украіну. «Гэта вайна беларусаў за Беларусь — 100%. Тут вораг вядомы. Ён адзін не толькі для Украіны і Беларусі, а для ўсіх», — сказаў добраахвотнік Андрэй.
Андрэю 53 гады, ён едзе на вайну, бо лічыць, што тое, што зараз адбываецца ва Украіне, — самая важная рэч на свеце.
«У нас ёсць шанец змяніць гэты свет да лепшага. Там дзе людзі не будуць жыць, залежачы ад „хацелак“ аднаго „ўрода“. Цэлыя мільёны ён зрывае з месца, уцягвае ў гэты смертаносны віхор, які калечыць людзей, лёсы, жыцці, мазгі, душы. Я лічу, што так не павінна быць, і таму еду», — сказаў добраахвотнік Андрэй.
Ён гатовы працаваць кім заўгода: валанцёрам, санітарам і рабіць усё, што заўгодна.
«Але калі дадуць зброю, я не буду сумнявацца. Я проста ўяўляю на месцы кожнага, хто стаіць перада мною — мінскага АМАПаўца. І гэта пазбаўляе мяне ўсялякага страху, адчування віны. У мяне ніякага жалю да гэтых людзей няма», — сказаў Андрэй.
Самая вялікая матывацыя для Андрэя — «Тое, што ты знаходзішся на правільным баку. Праўда за намі, а тыя хто нам супрацьстаіць, яны куды болей баяцца».
«Я трымаю сувязь са сваімі былымі саслоужыўцамі. Яны не хочуць, паталагічна не хочуць уваходзіць ва Украіну. Але яны з поўным баекамплектам, цалкам на „экіпе“, яны гатовыя да любога развіцця падзей і да любога загаду», — сказаў добраахвотнік Аляксей.
Пакуль усе едуць на добраахвотных умовах. Каардынатары шмат разоў задаюць пытанне, ці разумеюць добраахвотнікі рызыкі і ці дакладна хочуць ехаць. «Калі ёсць нейкія сумневы, то не варта ехаць. Калі цалкам упэўнены, тады едзь», — сказаў каардынатар добраахвотнікаў Павел.
У добраахвотнікі запісалася боль за 100 чалавек. Яны пішуць з розных краін Еўрасаюза.
«Ёсць падрыхтаваныя, ёсць тыя, хто служыў у французскім легіёне, хто служыў у іншых гарачых кропках. Ёсць абсалютна непадрыхтаваныя і медыкі. Тыя, хто непадрыхтаваны, будуць праходзіць адукацыю. Ніхто іх не будзе пускаць у сутыкненні без падрыхтоўкі», — сказаў Павел.
Збіраць амуніцыю каардынацыйнаму штабу дапамагаюць валанцёры. Польскія вайскоўцы ў запасе альбо людзі, хто грае ў страйкбол і мае амуніцыю, прыносяць для добраахвотнікаў знараджэнне.
«У Польшчы ёсць дэфіцыт турнікетаў для крываспынення, бронекамізэлек і вайсковых рэчаў. Таксама добраахвотнікам патрэбныя медычныя прэпараты і ізраільскія бандажы. Любая амуніцыя дапаможа. Чым больш людзей узброена, тым лепей. Калі ў чалавека ёсць «бронік з плітамі» гэта лепей, чым калі няма «броніка з плітамі», — сказаў каардынатар добраахвотнікаў Павел.
«Паводле беларускага заканадаўства, калі хтосьці едзе на вайну — нясе крымінальную адказнасць. У новай Беларусі хлопцы, якія стаяць за свабоду Украіны, будуць успрымацца як героі. Зараз адбываецца вайна не расійска-украінская, а двух сусветаў, дабра і зла, дэмакратыі і дыктатуры, а таксама падаўленне нейкіх чалавечых прынцыпаў маралі», — лічыць Павел.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у ноч 24 лютага 2022 года аб’явіў пра пачатак вайны супраць Украіны. Ён назваў яе «спецыяльнай ваеннай аперацыяй у Данбасе».
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (OHCHR) 7 сакавіка паведаміла пра 406 загінуўшых чалавек сярод мірнага насельніцтва. Сярод іх 27 дзяцей. Таксама 801 адзін мірны жыхар Украіны атрымаў раненні, сярод іх 42 дзіця. Станам на 10 сакавіка ва Украіне загінулі 516 грамадзянскіх асобаў, 908 атрымалі раненні, пра гэта паведаміла агенцтва УНІАН.
4 сакавіка рада ААН па правах чалавека прагаласавала за правядзенне раследвання злачынстваў, зробленых пасля ўварвання Расіі ва Украіну і прыцягнення да адказнасці вінаватых у парушэнні правоў чалавека.
Станам на 10 сакавіка ва Украіне загінулі 12 тысяч расійскіх вайскоўцаў, паведаміла агенцтва УНІАН. Міністэрства абароны Расіі толькі адзін раз, 2 сакавіка, дала справаздачу па колькасці загінулых вайскоўцаў ва Украіне: 498 чалавек загінулі і 1597 атрымалі раненні.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…