У Гродне рыхтуюцца прадаць на таргах недабудаваныя тэнісныя корты ў Каложскім парку. Стварыць іх збіраліся яшчэ ў 2010 годзе, але не завяршылі будаўніцтва.
Спачатку трэба ацаніць незавершаную будоўлю. Ацэнку збіраюцца завяршыць да 31 сакавіка. Гродзенскі гарадскі цэнтр для забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый да 10 сакавіка праводзіць закупку з адной крыніцы. Каштуе гэта 1000 рублёў. Крыніца – гарадскі бюджэт.

Зараз тэнісныя корты ўяўляюць сабой проста забетанаваную паверхню плошчай 2738,1 кв. м. Яны зарастаюць травой і хмызнякамі, іх рэгулярна размалёўваюць графіцісты. Валодае пляцоўкай Гродзенскі гарадскі фізкультурна-спартыўны клуб.
“[…] у Каложскім парку інвестар будзе будаваць тэнісныя корты, а побач кафэ. Заканадаўства цяпер дазваляе без аўкцыёну выдзяляць зямлю па інвестыцыйнаму дамове з аблвыканкамам. Трэба, праўда, даказаць важнасць і неабходнасць аб’екта”, – пісаў у 2010 годзе аб праекце “Вечерний Гродно”. Праўда, калі верыць фатаграфіях “Яндекс.Карт” і Гродзенскага форума, пляцоўка была цалкам закінута ўжо ў 2011-2012 гадах.

Чытайце таксама: У Гродне адкрываецца сучасны тэнісны цэнтр. Але трапіць туды гараджане змогуць не адразу







