Дзяўчына бясплатна ўзяла па аб’яве бяздомнае кацяня і спрабавала яго прадаць як пародзістага за 50 рублёў. Гісторыю расказала ў Instagram гродзенка Надзея Віціна.
Трохкаляроваму кацяню па мянушцы Карамелька пяць месяцаў. Сяброўка Надзеі зрабіла жывёле прышчэпкі і пашпарт, а потым аддала ў «добрыя рукі» нейкай Паліне. Неўзабаве на kufar.by з’явілася аб’ява, што котку прадаюць за 50 рублёў.
«Котка, 5 месяцаў. Куплялі тыдзень таму, але ў сувязі з аляргіяй у дзіцёнка — аддаецца. Юрлівая, да латка прывучаная (латок аддамо разам з коткай). Есць як сухі корм, так і звычайную ежу. Куплялі за 250 рублёў, але ў сувязі з тым, што нам трэба хутка, то аддамо не дорага. Парода: сумесь Уссуры і Сіямскай», — было напісана ў аб’яве.
Надзея з сяброўкай вырашылі «набыць» жывёлу і такі чынам выкрыць махлярку. Падчас сустрэчы Паліна прапаноўвала зніжку: гатова была аддаць котку не за 50, а за 30 рублёў. Яна не ведала, што Надзея з сяброўкай наогул не планавалі за жывёлу плаціць.
«Калі ты іх, хворых, паўжывых падбіраеш, лекуеш, страчваеш час, сілы, грошы, а потым такая вось Паліна іх яшчэ і спрабуе прадаць!» — напісала абураная Надзея ў сваім сторыз у Instagram.
У выніку котка засталася жыць у сяброўкі Надзеі.