Прадстаўнікі УУС Мінгарвыканкама правялі праверку, вывучылі дакументы і апыталі кіраўніцтва крамы Mark Formelle. Парушэнняў, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі АУС, міліцыя не знайшла.

Адпаведныя дакументы ў сваім Telegram-канале размясціла праўладная актывістка з Гродна Вольга Бондарава. Імаверна, яна звярнулася ў мінскую міліцыю і папрасіла правесці праверку. Праверка, па яе інфармацыі, прайшла 22 лютага. Рэдакцыя Hrodna.life не знайшла ў яе канале паста, які пацвярджае, што менавіта Вольга ініцыявала праверку. Але актывістка рэгулярна звяртаецца ў выканкамы і міліцыю, каб змагацца з «БЧБесамі». Так яна адмяніла некалькі мерапрыемстваў.

Мяркуючы па пастам ў канале, Вользе не спадабаліся шкарпэткі з выявай маста, які паваліўся на Нямізе ў Мінску, і беларускамоўнымі надпісамі. Гэтыя шкарпэткі з’явіліся ў выніку конкурсу сярод дызайнераў. Адпаведны пост у Instagram Mark Formelle выдалілі.

Падчас пратэстаў 2020 года ў Mark Formelle можна было купіць адзенне з бел-чырвонымі элементамі і, напрыклад, майку з надпісам «Белоруссия», выпраўленай на «Беларусь». Сам магазін пазней заявіў, што ў гэтым не было палітычнага падтэксту.

Раней кіраўнік ТАА «Марк Фармэль» Андрэй Серыкаў выказаўся аб рэферэндуме, паведамляе БЕЛТА. «Наша Радзіма Беларусь — выдатная краіна. У яе свая багатая, няпростая гісторыя і векавыя традыцыі. Хочацца, каб яна заставалася мірнай, свабоднай, шчаслівай. Такі мы павінны перадаць яе нашчадкам. Гэта прадугледжана ў новым праекце Канстытуцыі, які вынесены на дзяржаўны рэферэндум. Наш народ заўсёды славіўся сваёй мудрасцю, талерантнасцю і міралюбнасцю. За моцную і квітнеючую Беларусь! У гэтым закліку гучыць надзея на светлую будучыню, якая залежыць ад выбару кожнага чалавека», — сказаў ён.

Вольга звязвае вынікі праверкі міліцыі, якая не знайшла парушэнняў, з гэтым выказваннем кіраўніцтва крамы.