Другі дзень трывае расійска-украінская вайна. Наступ рускіх войскаў на поўдзень адбываецца таксама з тэрыторыі Беларусі. Belavia скарэктавала расклад палётаў. Гродзенскія гісторыкі падпісалі “Зварот беларускай інтэлегенцыі”. Hrodna.life сабраў галоўную інфармацыю, пра тое што адбываецца ў Беларусі на фоне вайны.
Ці адбываецца наступ з Беларусі
З тэрыторыі Беларусі 24 лютага ў накірунку Украіны здзейснілі запуск чатырох балістычных ракет. Упраўленне і навядзенне авіяцыі здзяйсняецца самалётамі з тэрыторыі Мінскай вобласці, паведаміла Міністэрства абароны Украіны.
Расійскую вайсковую тэхніку заўважылі на вуліцах Бабруйска, Гомеля, Асіповічаў і ў Брэсце. Таксама на трассе М10 у Кобрынскім раёне.
На аэрадроме ў Гомелі здзейснілі пасадку расійскія самалёты ІЛ-76 з дэсантнікамі на борце. Гэта адбылося з-за пашкоджання ўзлётна-пасадачнай паласы на аэрадроме ў Гастомелі (Кіеўская вобласць), паведаміла “Українська правда”.
Тэхніка, якая наступае на тэрыторыю Украіны з Беларусі, мае маркіроўку літарай “V”. Тэхніка якая ўрываецца з тэрыторыі Расіі і акупаванага Крыму – мае пазнаку “Z”, паведаміла “Еўрарадыё”.
Па непацверджаных дадзеных ужо другі дзень у беларускіх бальніцах на памежных тэрыторыях вызваляюць месцы для расійскіх ваенных, паведаміла “Ze**alo”.
На спутнікавых здымках кампаніі Capella Space бачна, што ў беларускай частцы Чарнобыльскай зоны адчужэння, каля закінутай вёскі Даўляды, нейкі час таму з’явіўся пантонны мост праз Прыпяць. Па ім, верагодна, і рухаліся расійскія войскі ў кірунку Украіны.
Belavia скарэктавала расклад палётаў
Belavia скарэктавала расклад рэйсаў. 25-27 лютага па змененым раскладзе будуць выконвацца палёты ў Стамбул, Тбілісі, Батумі, Кутаісі, Дубай, Сочы, Ерэван, Баку, Алматы. На 27 лютага адмянілі рэйс Мінск-Краснадар-Мінск. Рэйсы ў Маскву, Санкт-Пецярбург, Ташкент, Нур-Султан будуць выконвацца паводле раскладу.
Дакладны час вылету можна паглядзець на сайце Belavia ў раздзеле “Статус браніравання”.
Вайна закранула беларускія банкі
У сувязі з наступам Расіі на тэрыторыю Украіны расійскія банкі трапілі пад замежныя санкцыі. Абмежаванні закранулі і беларускія банкі, праблемы з’явіліся ў «дачок» расійскіх банкаў у Беларусі. Найбольш праблем зазнаў ВТБ-банк, МТБ перапыніў валютныя аперацыі, а Альфа-банк паведамляе, што кліенты нічога не заўважаць.
Таксама 25 лютага Нацыянальны банк Украіны забараніў валютныя аперацыі ў расійскіх і беларускіх рублях.
Ці здарыліся ў Беларусі антываенныя пратэсты
У Маладзечна 24 лютага затрымалі Вольгу Барунову. Жанчына выйшла на вуліцу з бел-чырвона-белым сцягам. Яе засмуціла навіна пра тое, што ва Украіне пачалася вайна. “Гэта і падштурхнула яе выйсці адной на акцыю”, – сказаў яе сын.
У Гомелі побач з месцам разгрузкі эшалонаў затрымалі мужчыну. Ён паспеў напісаць на плоце прозвішча “Пуцін”, паведаміў гомельскі тэлеграм-канал “Фла*шток”.
У Эстоніі адмовіліся прадаваць беларускія тавары і забаранілі вяшчанне тэлеканала “Беларусь 24”.
Гандлёвыя сеткі Эстоніі адмовіліся прадаваць тавары з Расіі і Беларусі. 25 лютага пра такое рашэнне паведамілі крамы “Selver”, “Coop”, “Rimi”, “Prisma” і “Maxima”. Таксама ў Эстоніі забаранілі вяшчанне тэлеканала “Беларусь 24”, паведаміла выданне Postimees.
Вяшчанне тэлеканала “Беларусь 24”, таксама забараніла Літва, паведаміла “Белта”.
Як гродзенцы адрэагавалі на вайну
Беларускія навукоўцы, дзеячы культуры і навукі падпісалі “Зварот беларускай інтэлігенцыі” супраць вайны. Яго падпісалі гродзенскія гісторыкі: Алесь Смалянчук, Юрый Гардзееў, Лілія Коўкель, Алесь Краўцэвіч, Генадзь Семянчук.
Гродзенскія музыкі, таксама выказаліся на тэму вайны з Украінай у сваіх сацсетках.

Якія страты панеслі Расія і Украіна ў першы дзень вайны
У першы дзень вайны загінулі 450 салдат і афіцэраў Расіі, больш за два дзясяткі патрапілі ў палон. Украінскія войскі збілі 7 самалётаў і 7 верталётаў. А таксама больш за 30 танкаў і больш за 130 бранемашын, паведаміла агенцтва “УНІАН” са спасылка на Офіс Прэзідэнта Украіны.
З украінскага боку 24 лютага загінулі 138 вайскоўцаў, з іх 10 афіцэраў. Яшчэ 316 атрымалі раненні, паведаміла “Meduza” са спасылка на Офіс Прэзідэнта Украіны.
Чытайце таксама:





