Раніцай 24 лютага Расія пачала «спецыяльную вайсковую аперацыю» на тэрыторыі Украіны. За першыя гадзіны вайны пацярпелі украінскія вайсковыя часткі, склады, аэрадромы. У Луцку, на захадзе Украіны, узарвалі тэлевежу. Пачатак вайны адбіўся на Беларусі: з Мінска адмянілі рэйсы ў паўднёвым накірунку, да мяжы сцягваюць кантрактнікаў і памежнікаў, а курс замежных валют у банках рэзка падскочыў.

«Каля 5:00 дзяржаўная мяжа Украіны на ўчастку з Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь падвергнулася нападу з боку расійскіх войскаў, што падтрымліваюцца Баларуссю», — напісала ў Facebook памежная служба Украіны.

Па стане на 9.30 інфармацыі пра ўдзел беларускай арміі ў вайне не было. Але чытачы Z*rkalo.io паведамляюць, што з вайсковай часткі ў Барысаве на мяжу нібыта з’ехалі 16 кантрактнікаў, а ў Гомельскай памежнай групе раніцай на службу выклікалі памежнікаў. CNN паведаміла, што нібыта з беларускай тэрыторыі ва Украіну ўязджаюць танкі, але гэтую інфармацыю пакуль не пацвердзілі і не абверглі.

Аляксандр Лукашэнка ў 11:00 сабраў аператыўную нараду з ваеннымі ў Палацы Незалежнасці. Там ён выказаўся пра тое, што не збіраецца ўцягвацца ў вайну, але «калі патрэбна будзе, мы акажам усялякую падтрымку», — сказаў Лукашэнка. Ён заявіў, што пытанне прызнання «ЛНР» і «ДНР» стаіць на павестцы дня. «У бліжэйшы час мы зробім так, як будзе патрэбна і нам, і Расіі».

Пасля 12 гадзін мінскага часу Украіна паведаміла, што разарвала дыпламатычныя адносіны з Расіяй.

Што абстралялі і што знішчылі

Расійскія войскі абстралялі вайсковыя аэрадромы ў Краматорску (Данецкая вобласць), Азёрным (Жытомірская вобласць), Кульбакіне (горад Мікалаеў) і Васількове (Кіеўская вобласць). Абстралялі аэрадром у горадзе Луцк. У Хмяльніцкім снарад ўзарваўся на ўзлётна-пасадачнай паласе вайсковага аэрадрома.

У Харкаве знішчылі склад ракетна-артылерыйскай зброі. Адзін са снарадаў патрапіў у вайсковую частку ў Івана-Франкоўску. У Луцку ўзарвалі тэлевежу. У Кіеве і Львове працуюць сірэны, якія паведамляюць пра паветраную пагрозу. У Кіеве сёння не будуць працаваць дзіцячыя садкі і школы. Паліклінікі і шпіталі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Пра гэта паведаміў мэр Кіева Віталій Клічко ў відэазвароце да кіяўлян.

Баі вядуцца па ўсёй лініі сутыкнення ў самаабвешчаных рэспубліках ЛНР і ДНР. На Данбасе узброеныя сілы Украіны збілі пяць расійскіх самалётаў і адзін верталёт узброеных сіл Расіі.

Як вайна ўплывае на Беларусь

Авіякампанія Belavia адмяніла частку рэйсаў 24 лютага з мінскага аэрапорта. Адмянілі рэйсы ў Тэль-Авіў, Стамбул, Сочы. Адмяняюць рэйсы авіякампаніі, якія лётаюць ва Украіну. Як мінімум да 7 сакавіка адмяняе палёты ва Украіну казахстанская Air Astana. Еўрапейскія авіякампаніі адмянілі рэйсы яшчэ раней. Закрытая частка авіяпрасторы і 14 аэрапортаў на поўдні Расіі. Амаль 200 рэйсаў затрымалі або адмянілі ў аэрапортах Масквы. Гэта можна паўплываць на планы беларусаў.

Белавіа праводзіць працу па вяртанні грошай за адмененыя рэйсы, а таксама па пераносу бранавання. Пры адмене рэйса пасажыры павінны звярнуцца ў касы авіякаманій. У мінскім аэрапорце яны знаходзяцца ў зоне вылятаў на трэцім паверсе, сектара 1.

Беларусь таксама закрыла частку паветранай прасторы для грамадзянскіх самалётаў, нібыта «ў мэтах забяспячэння бяспечнага выкарыстання паветранай прасторы».

«Мінсктранс» прыпыніў штодзённыя рэйсы аўтобусаў з Мінска ў Кіеў. Аўтамабільныя пункты пропуску Украіны на мяжы з Беларуссю прыпынілі працу на неакрэслены тэрмін. Украінскі бок прапускае грамадзян Беларусі, якія вяртаюцца з тэрыторыі Украіны, праз адзін пункт Выступовічы (з беларускага боку Новая Рудня).

Курс долара і еўра ў абменніках пачаў расці з раніцы 24 лютага. Паводле ecopress.by, долар у абменніках Гродна па стане на 9.50 прадаюць па цане ад 2,85 да 3 рублёў, еўра — ад 3,19 да 3,4 рубля.

Чытайце таксама: Расія аб’явіла вайну Украіне. Што адбылося?

Што адбылося раніцай 24 лютага

Расійскія войскі пачалі уварванне на тэрыторыю Украіны. Пра гэта раніцай 24 лютага паведаміла Міністэрства замежных спраў Украіны. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у ноч 24 лютага аб’явіў пра пачатак вайны супраць Украіны. Ён назваў яе «спецыяльнай ваеннай аперацыяй ў Данбасе».
Пра пачатак вайны гаварылі сусветныя медыя яшчэ раней. Уварванне Расіі чакалі 16 лютага, але яго тады не адбылося. 21 лютага прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў Указы аб прызнанні Луганскай Народнай Рэспублікі і Данецкай Народнай Рэспублік