Гродзенца Андрэя Сцепаненку ў лютым затрымалі за значок «Пагоня» на заплечніку. Яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «адзіночнае пікетаванне» па арт. 24.23 КаАП. 17 лютага ён не выйшаў пасля «сутак», паведаміў Telegram-канал «Право имеют». Блізкія Андрэя распавялі Hrodna.life, што яго абвінавацілі ў абразе прэзідэнта.
Абразай прэзідэнта палічылі каментар у Telegram. Андрэя заключылі пад варту і змясцілі ў СІЗА турмы № 1 Гродна. Па арт. 368 КК гродзенцу пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Андрэй — айцішнік, цікавіўся спортам, інтэлектуальнымі гульнямі, канцэртамі. «Бацькі былі ў шоку, [даведаўшыся пра крымінальную справу]», — кажуць блізкія гродзенца. Яны заклікаюць падтрымаць Андрэя, напісаўшы яму ліст.
Практыка, калі выносяць рашэнне аб адміністрацыйным арышце, а потым заводзяць крымінальную справу, у Беларусі распаўсюджаная. Так было, напрыклад, з блогерам Вадзімам Ермашуком, якога некалькі разоў судзілі па адміністрацыйных артыкулах, пакуль не распачалі крымінальную справу.
Артыкул за абразу прадстаўнікоў улады стаў самым распаўсюджаным сярод крымінальных спраў, звязаных з пратэстамі. Па ёй асудзілі 468 з 1832 чалавек. Сцэнар у спраў падобны, разбіраў Hrodna.life. Жыхары вобласці пісалі нейкую фразу ў Telegram-каналах і чатах. Экспертыза прызнавала яе абразлівай. Чалавека затрымлівалі на трое сутак і паведамлялі аб крымінальнай справе. Некаторыя запісвалі ў міліцыі відэа з «раскаяннем», у якіх выбачаліся за абразу. Як правіла, абвінавачаным прысуджалі адзін-два гады «хатняй» або рэальнай «хіміі».