У прыгарадзе Варшавы ў ДТЗ загінуў 59-гадовы Сяргей Лаўрушчык. Ён — заснавальнік прыватнага музея ў Навагрудку. Аварыя адбылася днём 16 лютага каля мястэчка Новэ Грахаліцэ. Пра гэта паведаміў сайт «Warszawa Nasze Miasto».
У аварыі сутыкнуліся два грузавікі і мікрааўтобус, за стырном якога быў Сяргей Лаўрушчык. Яго бус урэзаўся ў заднюю частку грузавіка, а другі грузавік наехаў на аўтобус. Мужчына загінуў на месцы. У Беларусі ў Сяргея засталася сям’я.
Шэсць гадоў ствараў уласны музей
Сяргей Лаўрушчык працаваў у Навагрудскім ЖКГ. На працягу шасці гадоў ён ствараў у Навагрудку прыватны музей. Планаваў назваць яго «Музей апошняга ліцвіна». Пакоі свайго дома ён адвёў пад розныя эпохі - ад ВКЛ да БССР. Сярод экспанатаў былі патэфоны, гадзіннікі, радыёлы, плыткі, прасы, манеты і старая зброя.
Пасля выбараў судзілі чатыры разы
У сакавіку 2021 года да Лаўрушчыка прыйшла міліцыя. Музейныя экспанаты супрацоўнікі органаў прызналі зброяй. Падчас вобшука ў Сяргея вынялі тэхніку: два мабільных тэлефона і ноўтбук.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Лаўрушчыка судзілі чатыры разы па адміністратыўных справах. Падчас першы трох судоў яго каралі штрафамі. Апошні суд прысудзіў 10 сутак арышту. На волю Сяргей выйшаў хворым на каранавірус. Пасля гэтага ён з’ехаў у Кіеў, а потым у Варшаву.