Аматарскі лоў рыбы ў зімавальных ямах забароняць з 1 кастрычніка па 15 красавіка. Такі адказ дала Гродзенская абласная інспекцыя жывёльнага і расліннага свету на зварот актывістаў грамадскай арганізацыі «Экаманіторынг». Новы закон набудзе моц з 29 ліпеня 2022 года.

Таксама ў адказе паведамілі, што інспекцыя ўнясе прапанову ўключыць зімавальныя ямы на Нёмане ў раёне вёскі Келбаскі ў пералік зімавальных ямаў, на якіх будзе забарона рыбалка.

У Беларусі забароняць лавіць рыбу ў зімавальных ямах. Але толькі з наступнага сезона
Адказ Гродзенскай абласной інспекцыі жывёльнага і расліннага свету на зварот актывістаў. Крыніца: Facebook.

Зімававальная яма — глыбокае месца вадаёма з малой пратокай. Гэта месца масавага збору рыбы зімой, дзе яна адпачывае перад нерастам. Пералік такіх месцаў вызначаецца спецыяльным дакументам. Прамысловая лоўля на зімавальныя ямы зімой забаронены. Браканьеры часта ловяць рыбу ў гэтых месцах баграваннем (захопам рыбы кручком за любыя часткі цела; забаронены ў Беларусі спосаб). Пры гэтым многія нязлоўленыя рыбы траўмуюцца і гінуць.

Чаму «Экаманіторынг» звярнуўся ў інспекцыю?

На затоцы Нёмана ў раёне вёскі Келбаскі 26 студзеня рыбакі пачалі масавы лоў рыбы. Некалькі дзясяткаў рыбакоў адначасова лавілі рыбу ў прамысловых маштабах, што забаронена законам.

Згодна з правіламі аматарскай рыбнай лоўлі, норма вылаву на чалавека ў суткі - 5 кг і дадатковая рыба альбо адна рыба вагой больш за 5 кг. Пасля паімкі нормы рыбак павінен скончыць лоў да надыходжання наступных сутак.

Актывіст «Экаманіторынгу» Яўгеній Філімонаў назваў сітуацыю на Нёмане варварскімі адносінамі да рыбы і папрасіў інстанцыі пракантраляваць выкананне забароны на аматарскі лоў рыбы на зімавальнай яме ў раёне вёскі Келбаскі.