Гародніну і зеляніну прывёз з Бераставіцкага раёна фермер Арцём, мёд з асабістага пчальніка пад Шчучынам даставіў Андрэй, а літоўскі шакоціс у печы на ражне выпекла Вікторыя. Усе яны – удзельнікі першай у Гродне фермерскай прасторы “Фальварак”. Яна адкрылася 11 лютага па суседстве з “Каронай” на праспекце Касманаўтаў.
У “Фальварку” фермеры прадаюць прадукцыю ўласнай вытворчасці: выпечку, сыры, масла, сочыва, гародніну і зеляніну, мяса, чабурэкі і іншае.

Калі чалавек пакаштуе, то абавязкова купляе
“Праца перад стварэннем “Фальварка” вялася каля трох месяцаў”, – распавёў для Hrodna.life ўладальнік памяшкання Ігар Талочка. Гэта ён прыдумаў стварыць у Гродне фермерскую прастору.
Усё пачалося з чата ў Viber. Запрашэнне ў суполку “Вясковыя прадукты” Ігару даслаў яго знаёмы – “сапраўдны фермер”. Ігар напісаў там, што было б нядрэнна стварыць у Гродне прастору, дзе людзі змогуць купіць “сваё” і параўнаць прадукцыю з крамнай.

“Гэта не павінна быць танна, але гэта ўсё павінна быць у Гродне, – кажа мужчына. – Тут не вельмі танная прадукцыя. Але калі чалавек пойдзе і пакаштуе, ён абавязкова купляе, бо ўсё натуральнае, сапраўднае, без акісляльнікаў і стабілізатараў. Усё зроблена сваімі рукамі”.
Перакупаў і “лішніх людзей” няма
Першым адгукнуўся на ідэю Андрэй, раней ён ездзіў у Мінск. “Я проста сабраў людзей-аднадумцаў, з якімі разам працавалі ва “Усё сваё” – краме натуральных прадуктаў у Мінску. Нам прапанавалі прастору ў Гродне, чаму б і не? Мне да Мінска 250 кіламетраў туды і назад, і ўставаць а 4 раніцы. Лепш, вядома, у Гродне”, – патлумачыў Андрэй.
Па словах Ігара Талачкі, Андрэй прыняў на сябе “асноўны ўдар” – збіраць людзей. Мужчына вядзе суполку ў Viber і кантралюе, каб не было “лішніх людзей”. Правярае, ці сапраўды чалавек сам вырабляе прадукцыю – толькі потым з ім заключаюць дамову.

“Ёсць людзі, якія прывозяць на “Усё сваё” 120 кг паляндвіцы. Гэта відавочна не сам чалавек зрабіў, – кажа Ігар. – У адной свінцы – дзве вялікія і дзве маленькія паляндвіцы. Як ён адзін вырабляе? Зразумела, што гэта перакуп, гэта не чалавек з супольнасці – нам такіх не трэба. Нам патрэбныя людзі, якія могуць сваімі “залатымі рукамі” нешта людзям прапанаваць”.
“Душэўная прадукцыя”
“Тут не кантроль якасці, а кантроль чалавека. Якасць не трэба кантраляваць, вунь колькі ў нас кантралёраў [ківае на пакупнікоў – Hrodna.life]. Кожнаму даецца паспрабаваць і за кожнай прадукцыяй ёсць не проста мануфактура, завод, тут чалавек уклаў сюды сваю душу”, – распавёў Ігар.
Па словах уладальніка памяшкання, усе прадаўцы ў групе “спісаныя”, ведаюць “хто-чым дыхае” і не ўспрымаюць адзін аднаго як канкурэнта.
Пашыраць пляцоўку Ігар не плануе. “Нас не муісць быць шмат, мы мусім быць якаснымі”, – патлумачыў ён.

Адны з удзельнікаў “Фальварка” – Арцём і Аксана. Іх гаспадарка знаходзіцца на мяжы Бераставіцкага і Гродзенскага раёнаў. Яны – адны з першых вытворцаў кавуноў у рэгіёне. “Прыйшло разуменне, што трэба быць бліжэй да людзей, не толькі з дапамогай сацсетак”, – кажа Арцём пра свой удзел у “Фальварку”.
Чытайце таксама: Рэцэпты нарыхтовак на зіму ад Міколы Таранды

З верасовым мёдам шмат марокі, а белую акацыю складана сабраць
З чата “вясковыя прадукты” пра фермерскую прастору даведаўся і Андрэй Маліноўскі. У яго свая пасека ў Шчучынскім раёне. Ён прапануе мёд з розных збораў: лясны, лугавы, палявы, грэчкавы. Самы рэдкія – верасовы мёд і прымешка з белай акацыі.

“З верасовым шмат спраў і марокі. Трэба вывозіць у баравыя лясы, гэта ў нас Гожа, памежная паласа. А з белай акацыі для нашых краёў складана сабраць ” – распавёў Андрэй.
Раней мужчына гандляваў на міні-рынках, а цяпер у яго ёсць асноўнае месца ў краме “Санта” на вуліцы Гагарына. Але вырашыў паспрабаваць і ў “Фальварку”.
“Як пойдзе. Але мне пакуль цяжка, бо няма каму падмяніць, нават хто ўключаны ў даведку “сваякі””, – патлумачыў прадавец. Гаворка пра даведку для самазанятых. У яе са згоды ўласніка запісваюць сваякоў для пастаноўкі на ўлік у падатковай для продажу прадукцыі пчалярства.
Пачыналі на Скідзельскім рынку
Вырашылі паспрабаваць працаваць на новым месцы і з хатняй пякарні “tort_shakotis”. “Спадзяемся, што гэта фермерская прастора прыжывецца і мы будзем тут на пастаяннай аснове”, – кажа Вікторыя.
Яны прадаюць літоўскі торт “шакоціс”. “Раней людзі ездзілі ў Літву. Мы падумалі, калі здарылася пандэмія, што можна і ў нас гатаваць. Людзі радзей сталі ездзіць за мяжу, пачалі ў нас купляць і многія прывыклі”, – сказала Вікторыя.
Чытайце таксама: Торт банкуху з 60 яек з Гродзеншчыны могуць унесці ў спіс культурнай спадчыны

Кошты “tort_shakotis”
Шакоціс – 25 руб. за 1 кг
Арэшкі са згушчонкай – 0.50 кап.
Трубачкі – 0.90 кап.
Міні-мурашнік – 1,5 руб.

Цеста для шакоціса гатуецца з даданнем вялікай колькасці яек – ад 30 да 50 штук на 1 кг мукі. Выпякаюць торт на драўляным ражне, які паварочваюць над адкрытым агнём. Сцякаючы, цеста прымае форму шматлікіх “галінак”
Пачыналі прадаваць сваю прадукцыю на Скідзельскім рынку больш за 20 гадоў таму і “prime_meat_grodno”.
“Самі вэндзім мяса ў вёсцы. У асноўным прадаем сырое мяса і вэнджаніну на Скідзельскім рынку. Пачыналі ў інстаграме прадаваць і вырашылі паспрабаваць на гэты кірмаш трапіць”, – распавёў для Hrodna.life Міхаіл.

Цэны “prime_meat_grodno”
Паляндвіца гарачага вэнджання – 25 руб за 1 кг.
Рэбры -18 руб.
Бачок – 20 руб.
Бараніна – 37 руб.
Скумбрыя – 20 руб.
Рэбры BBQ – 35 руб.
Больш за 10 гадоў працуюць “This_is_myaso”. Адна з іх “фішак” – мясныя чыпсы.

Цэны “This_is_myaso” (за 1 кг)
Чыпсы свіныя і курыныя – 60 руб.
Чыпсы ялавічныя і індычыныя- 70 руб.
Піўчыкі свіныя – 50 руб.
Піўчыкі курыныя – 70 руб.
Каўбаса сыравяленая – 25 руб.
Вяндліна рубленая – 20 руб.
Грудзінка салёная – 15 руб.
Шпік – 5 руб.
Вяндліна і грудзінка гарачага вэнджання – 25 руб.

Святлана – нутрыцыёлаг паводле адукацыі – прадае чабурэкі. Яна называе іх карыснымі і кажа, што сакрэт у цесце. Пакупніца Валянціна хваліць прадукцыю Святланы: “Вельмі смачныя. Я буду браць яшчэ. Проста растаюць у роце!».

У Алега і Надзеі сямейная сыраварня ў Зарыцы. У іх свае козы і авечкі, сям’я сама вырабляе сыры. Пры гэтым – аж дзясятак відаў. Некаторыя іншыя ўдзельнікі прасторы вырабляюць прадукты самі, але сыравіну купляюць у іншых фермераў.

Цэны на сыры (за 100 г.)
Адыгейскі – 2,4 руб.
Халумі – 3,5 руб.
Бурата – 7,0 руб.
Рыкота – 1,5 руб.
Ламберт – 4 руб.
Качота – 3,5 руб.
Мантазіё – 4,5 руб.
Камамбер – 9,5 руб.
Сенг-мор – 8,0 руб.
Блё д’Овернь – 9,5 руб.
Французскі шэўр (слоічак) – 17 руб.
Таплёнае масла гхі (слоічак) – 33 руб.
Фета ў масле (слоічак) – 15 руб.
Памяшканне разлічана на 22 працоўныя месцы. На адкрыцці занята было нашмат менш: многія захварэлі і не выйшлі. Некаторыя пакупнікі звярнулі на гэта ўвагу. Ірына была побач у краме і зайшла ў “Фальварак”: ёй здалося, што там занадта мала месца. Іншая пакупніца – Анастасія – прыйшла пацікавіцца прадукцыяй здаровага харчавання. “Замала, я думала малачком хатнім прыкупіцца”, – ацаніла яна выбар прадуктаў.

Ігар Талочка мяркуе, што калі праект разрасцецца – гэта ўжо “будзе не тое”. “Тут кожны пакупнік будзе ведаць свайго прадаўца, – кажа Ігар. – Мы хочам, каб людзі былі здаровыя, елі здаровую ежу і самарэалізоўваліся”.
Рэжым працы:
- Пятніца – 15:00-19:00
- Субота – 11: 00-18: 00
- Нядзеля – 11:00-17:00
У нядзелю 13 лютага “Фальварак” не будзе працаваць, бо за першыя два дні працы фермеры прадалі ўсю сваю прадукцыю.
Адрас: праспект Касманаўтаў, 81А

Чытайце таксама: В Гродно появились фермерские островки. Что продают и по чем?





