Паседжанне аб высяленні Юліі Сліўко з інтэрната без прадастаўлення іншага жылога памяшкання пройдзе 9 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Ісцец — «Гроднапрамбуд», дзе працавала Юлія, і пракуратура Гродна. Сама Юлія больш за год жыве ў Польшчы.
Суддзя па справе — Таццяна Іванова. Яе прызначылі суддзёй суда Кастрычніцкага раёна летам 2021 года.
Рэдакцыя Hrodna.life спрабавала атрымаць каментар у Юліі, але яна адмовілася каментаваць сітуацыю.
Хто такая Юлія Сліўко?
Юлія Сліўко адпрацавала тынкоўшчыкам на прадпрыемстве 13 гадоў. Яна адна выхоўвае сына. Юлія жыла з сынам і катом у інтэрнаце сямейнага тыпу. Юлія выступала на мітынгах і сходах калектыву «Гроднапрамбуд» і стала старшынёй стачкама.
З пачаткам падаўлення пратэстаў на заводах невядомыя людзі сталі пагражаць Юліі па тэлефоне і ў сацыяльных сетках. У паведамленнях шэрагу Telegram-каналаў напісалі, што Юлія займаецца прастытуцыяй і што яна плаціла грошы рабочым за ўдзел у забастоўках. Там жа апублікавалі асабістыя нумары тэлефонаў Сліўко і яе сына.
Па пагрозам, фактах распаўсюду ілжывай, дыскрэдытуючай інфармацыі і распаўсюджвання асабістых дадзеных Юлія Сліўко напісала заяву ў РАУС Кастрычніцкага раёна Гродна. Юлію неаднаразова выклікалі на размовы ў РАУС, але яна адмаўлялася ісці без позвы. Таксама ёй тэлефанаваў сацыяльны работнік і паведаміў, што сына могуць паставіць на ўлік, як таго, які знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Пагрозы працягваюць паступаць
У пачатку верасня 2020 года жанчыну звольнілі, ёй сталі паступаць пагрозы. У кастрычніку Юлія разам з сынам пераехала ў Польшчу. Яна вучыцца ва ўніверсітэце на псіхолага, займаецца манікюрам і педыкюрам. Юлія распавяла Z**kalo.io, што ёй працягваюць паступаць пагрозы ў сацсетках, яна адчувае, што за ёй сочаць, а на акцыях яе здымаюць людзі, падобныя на правакатараў. Паводле яе слоў, яна да гэтага часу жыве падзеямі ў Беларусі.
Чытайце таксама: