Стваральнікі першай гродзенскай крамы настолак вырашылі закрыцца пасля васьмі з паловай гадоў працы. Да канца лютага гродзенцаў чакае распродаж. Самі ж яны сыходзяць у распрацоўку аўтарскіх гульняў.
Закрыць краму было сумнае, непрыемнае рашэнне, але правільнае, расказаў Hrodna.life заснавальнік “Кубіка” Антось Янкоўскі. “Мы думалі пра гэта ўжо паўгода”. Апошнія месяцы актыўна абмяркоўвалі, разглядалі розныя варыянты, і вырашылі, што зараз афлайн-краму лепш закрыць і засяродзіца на новым праекце.
8,5 гадоў – столькі “Кубік” працаваў у Гродне.
4 – столькі адрасоў ён змяніў.
Каля 600 – столькі гульняў, у якія згуляў “Кубік”, і якія былі адкрыты ў пракаце.
3 фестывалі настольных гульняў зладзіў у Гродне “Кубік”.
Прычыны перафарматавання
“Самае галоўнае рашэнне, якое прынялі – мы не проста закрываемся, мы мяняем фармат, будзем студыяй распрацоўкі “Кубік”. Усе сілы кінем менавіта на гэта”, – расказаў Антось Янкоўскі.
“Летась мы шмат папрацавалі, знайшлі шмат партнёраў. Ёсць каля 10 пацверджаных праектаў, якія мы запускаем у працу – рознага жанру і аб’ёму”. Іх мяркуюць выпусціць цягам 2022 года. “Тое, што мы задумалі, патрабуе вялікай колькасці часу і канцэнтрацыі”. Цяперашні бізнес займае шмат часу.
“У апошнія паўтара-два гады ён знаходзіцца ў энергазберагальным рэжыме. А я такі чалавек, якому вельмі патрэбна развіццё. Крама прыйшла да таго, што ёй трэба або расці ў нейкую гульнёвую прастору, развівацца ў гульнёвую сетку, або закрывацца”, – патлумачыў Антон. У 2020 “Кубік” нават знайшоў памяшканне пад новую прастору і рыхтаваў яго, але перашкодзіў каранавірус. Зараз каб крама трымалася на плаве і прыносіла больш грошай, ёй трэба займацца больш і больш, і менавіта асабіста.

Кірунак распрацоўкі існаваў паралельна з крамай. За апошні час ён вельмі развіўся і стаў больш выгадным. Але каб працаваць прафесійна, ад нечага трэба адмовіцца, кажа Антон
Якія гульні рыхтуе новы “Кубік”?
“Кубік” пачне працу як сямейная студыя распрацоўкі. Зараз яна складаецца з Антона Янкоўскага і ягонай жонкі дызайнеркі Насты Янкоўскай. Ранейшыя праекты выходзілі пад лагатыпам “А4”. Суполка была створана паралельна з крамай. Далейшыя праекты будуць выходзіць ужо пад брэндам “Кубіка”, як пад больш вядомым.
Сёлета “Кубік” працягне супрацу з Оz.by. У планах і экалагічная гульня, і дэтэктыўныя квэсты – магчыма, нават серыя квэстаў у 2022-2023 гадах. Не першы год аўтары працуюць і з рускімі выдавецтвамі. Ёсць праекты, якія дарабляюцца, ёсць ідэі для новых. Ёсць і карпаратыўныя замовы для распрацоўкі.
З праектаў, арыентаваных на беларускую культуру, “Кубік” таксама працягне выдаваць серыю гульнёвых картаў і серыю гульняў для вывучэння беларускай мовы “Мова”, у тым ліку для дарослых. Матэрыял для новай “Мовы” 18+ ужо рыхтуецца.
Супольная творчасць з падпісантамі і новы праект у Гродне
Instagram “Кубіка” працягне жыццё. Антось абяцае падпісантам шмат інтэрактыву, інфармацыі пра распрацоўку гульняў і нават магчымасць сумесна анлайн стварыць настолку.
Вясной жа ў Гродне мусіць з’явіцца іншы праект, звязаны з настольнымі гульнямі. “Кубік” таксама будзе датычны да гэтай справы, плануе дапамагаць. Можна будзе набываць гульні, будуць і гульнятэкі. Больш інфармацыі пра новае месца з’явіцца ў сакавіку.
Увесь люты ў “Кубіку” будзе распродаж са зніжкамі ў 15%, змогуць прывезці любую гульню. Бліжэй да канца месяца зніжкі стануць яшчэ большыя. Апошнім днём працы вырашылі зрабіць 28 лютага.

“Зразумелі – усё цыклічна”
Амаль дзевяць гадоў таму, 28 лютага 2013 года “Кубік” прэзентаваў гульню “Паўстанцы” і заявіў пра сябе як пра распрацоўшчыкаў. “Вельмі сімвалічна, што актыўна да распрацоўкі мы вернемся менавіта ў гэтыя дні. Мы не думалі пра гэта, а толькі нядаўна самі зразумелі – наколькі ўсё цыклічна”.
За час працы “Кубік” здымаў уласныя агляды на гульні, праводзіў гульнятэкі ў сябе, на фестывалях і ў іншых памяшканнях – ад кавярняў і бараў да чыгуначнага вакзала.

“Мы не кідаем сваю місію папулярызацыі настольны гульняў. Нам трэба будзе адпачыць, разабрацца з актыўнымі праектамі. Але мы не зможам сядзець на месцы, магчыма, прыдумаем новы фармат”.
Читайте также: В Гродно создали игровые карты с выдающимися личностями Великого Княжества Литовского




