Участак памерам 96 сотак на вуліцы Рыбацкай у Гродне паспрабуюць прадаць з аўкцыёна 8 лютага 2022. Там хочуць размясціць аб’ект грамадскага прызначэння. Інфармацыю пра гэта апублікавалі на сайце Гродзенскага гарвыканкама.

Інвестару прапануюць збудаваць недалёка ад Каложы медцэнтр або рэстаран. Але да ўчастка няма асфальтных дарог
Участак які плануць прадаць з аўкцыёна. Крыніца: gcn.by

Пачатковая цана ўчастка — 227 тыс. рублёў. Інвестар можа пабудаваць там фізкультурна-аздараўляльны ці спартовы аб’ект, медычны цэнтр, аб’ект прадастаўлення сацыяльных паслуг, гасцініцу, адміністрацый будынак ці кропку грамадскага харчавання.

Участак знаходзіцца ў зоне аховы гістарычнага цэнтра. Таму будынак альбо комплекс будынкаў павінен складацца з аб’ёмаў не вышэй за тры паверхі (два + мансарда). Вышыня дома не можа быць больш за 11 метраў над узроўнем зямлі.

Інвестару прапануюць збудаваць недалёка ад Каложы медцэнтр або рэстаран. Але да ўчастка няма асфальтных дарог
Тэрыторыя ўчастка які плануюць прадаць. Скрыншот з «Яндекс карты»

Участак ужо не раз спрабавалі прадаць

Участак на Рыбацкай ужо двойчы спрабавалі прадаць з аукцыёна ў 2019 годзе: і ліпені (за 198 тыс.) і верасні (за 111 тыс.). Праз год — у 2020-м — участак прадавалі ўжо за 75,5 тыс., але аб’ект зноў нікога не зацікавіў. Тады яго прапаноўвалі набыць пад будаўніцтва спартовага цэнтра або аздараўленчага аб’екта.

Тэрмін арэнды на тых аўкцыёнах адрозніваўся: ад 5 да 25 гадоў. Адрозненне ў тым, што на ранейшых аўкцыёнах участак быў меншага памеру — толькі 58 сотак. Цяпер яго ўзбуйнілі - да 96 сотак. Таксама змяніліся ўмовы арэнды — цяпер участак прапануюць на 50 гадоў.

Да ўчастка ёсць два пад’езды — з вуліцы Нёманскай і Рыбацкай. Абедзве вуліцы дагэтуль не маюць асфальту і застаюцца з гравійным пакрыццём, нягледзячы на тое, што знаходзяцца амаль у гістарычным цэнтры.

Раней там быў бетонны завод, на якім рабілі знакаміты брук

На гэтым участку ў 1920-х заснавалі бетанярню. Будынкі бетоннага завода праіснавалі ажно да пачатку 2000-х. Тут да пачатку Другой сусветнай выраблялі каменна-бетонную плітку, якой выкладзены вуліцы Савецкая і Ажэшкі. Таксама рабілі бардзюрыны з надпісам па-польску «Магістрат горада Гродна», якія зараз сталі рэдкасцю.

Калі адбудзецца аўкцыён

Аўкцыён адбудзецца 8 лютага 2022 года ў будынку Гродзенскага гарвыканкама пл. Леніна 2/1 у 12:00. Заяўкі на ўдзел прымаюць з 10 студзе па 2 лютага ў каб. 117 у працоўныя дні з 8:00 па 13:00 і з 14:00 па 17:00.