Працы бацькі, свой партрэт, напісаны маткаю, дзіцячыя малюнкі сына — усе гэтыя выявы прадставіць у праекце «Дом» мастак Павал Татарнікаў. У Гродне выставу адкрыюць у гандлёва-забаўляльным цэнтры «TRINITI» 14 студзеня. Апроч рэтраспектыўных прац у экспазіцыі будуць таксама эскізы, замалёўкі і графічныя рэканструкцыі мастака на розныя тэмы.

«Я прапаную рэтраспектыву з нагоды свайо 50-годдзя і 80-годдзя свайго бацькі, мастака Юрыя Татарнікава, які ўжо пайшоў з жыцця. Агульная назва выстаўкі - „Дом“. Будуць прадстаўленыя — бацькавая карціна „Дом“, мой партрэт ў дзяцінстве мамінага аўтарства 1977 года, мае дзіцячыя малюнкі, дзіцячыя малюнкі майго сына Яна Татарнікава», — распаёў Hrodna.life мастак Павал Татарнікаў.

Таксама мастак прывязе ў Гродна серыю эскізаў, замалёвак, падрыхтоўчых малюнкаў і графічных рэканструкцый на розныя тэмы — гістарычную, міфалагічную, казачную, літаратурную. Акрамя гледачам прадставяць ілюстрацыі да сборніка беларускіх народных казак «Залатая шарсцінка, срэбная павуцінка», кітайскіх міфаў «Стралок і дзесяць Сонцаў», некалькі акварэльных гістарычных рэканструкцый і дзве серыі літаграфій.

Тры пакаленні мастакоў і ілюстрацыі да сборніка. Павал Татарнікаў прывязе ў Гродна выставу “Дом”
Стары замак у Гродне. Малюнак Паўла Татарнікава. Крыніца: Facebook.

Хто такі Павал Татарнікаў

Павал Татарнікаў - беларускі мастак-графік, кніжны ілюстратар. Нарадзіўся ў Брэсце ў 1971 годзе ў сям'і мастакоў. У 1989 г. скончыў Рэспубліканскі каледж мастацтваў, у 1995 — аддзяленне графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сябра Беларускага саюза мастакоў.

У 2016 годзе стаў ілюстратарам гістарычнай кнігі Уладзіміра Арлова — «Айчына. Ад Рагнеды да Касцюшкі».

У лютым 2017 года па просьбе гісторыка Міколы Волкава зрабіў шэраг накідаў брамы Старога замку ў такім выглядзе, у якім, на думку гісторыка, яе варта было б аднаўляць.