нерухомасць у Гродне

Малюнкі з фантазійнымі конікамі гродзенскай мастачкі Валянціны Шобы паказалі ў Вільні. Ад 26 снежня ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры пачалася дэманстрацыя выставы «Калядныя конікі». На адкрыцці адбыўся майстар-клас па вырабе віншавальных паштовак, кірмаш па продажы сувеніраў ад матуляў дзяцей з Гродзенскага хоспіса і прэзентацыя каляндаря з конікамі і вершамі.

На выставе прадстаўлены 21 сюжэт мастачкі з пазнавальным і традыцыйным для яе творчасці сюжэтам — конікамі. «Коні і праўда суправаджалі ўсе цыклы жыцця беларусаў. Коні былі побач і ў час працы на зямлі, у час далёкіх паходаў ці святаў. Нават на гербе „Пагоня“ ёсць конь. І, канечне, калядную ялінку з лесу таксама прывозілі на коніку», — казала падчас адрыцця выставы арганізатарка праекта, рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік.

Разам з выставай у Вільні прэзентавалі і каляндар з конікамі і вершамі.

Калядныя конікі, выстава, Валянціна Шоба, Вільня
12 выяваў з выставы сталі ілюстрацыямі каляндара — 2022 года

Чытайце таксама: Да Калядаў і Новага года: Валянціна Шоба намалявала гродзенскі каляндар з «конікамі» і вершамі

Стварыць казку сваімі рукамі

Паўдзельнічаць у майстар-класе і намаляваць уласнага каляднага коніка змаглі ўсе ўдзельнікі вернісажу. Для натхнення глядзелі выставу, а справіцца з маляваннем дапамаглі трафарэты, фарбы і бліскучкі. Паводле арганізатараў выставы, гэтыя малюнкі скарыстаюць, каб зрабіць віншавальныя паштоўкі. Частку з іх падпішуць для палітзняволеных беларусаў.

Прафесійны арт і фальклорная прастата

«Гэта прафесійная праца, якая вельмі тэхнічна гуляецца з элементамі народнага мастацтва. Тут шмат фальклорных элементаў, але да іх дадаецца аўтарскі почырк, вельмі адмысловая, выкшталцоная праца з колерам, выдатнае, вельмі аргінальнае пачуццё формы. Гэта адначасова проста і няпроста, — кажа пра карціны з выставы аналітык культуры Максім Жбанкоў. — Гэта мастацтва не патрабуе перакладчыка-інтэрпрэтатара. Тут нічога не трэба тлумачыць. Проста глядзіш — і ёсць непасрэдны кантакт [глядача з творам мастацтва]. З іншага боку, гэта сапраўдны прафесійны арт — архаічны і сучасны, просты і складаны. У гэтай гульні інтанацый і ёсць сэнс мастацтва».

Калядныя конікі, выстава, Валянціна Шоба, Вільня
Максім Жбанкоў, культурны аналітык на адкрыцці выставы «Калядныя конікі» ў Вільні

Верыць у цуд і набліжаць яго

На адкрыцці выставы працаваў дабрачынны кірмаш хэндмэйд-сувеніраў. Іх зрабілі матулі цяжкахворых дзяцей з Гродна. «Побач з цудамі на карцінах у наш складаны час хочацца бачыць і цуды падтрымкі паміж беларусамі», — адзначыла дырэктарка Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка. На яе думку, гродзенскі настрой ад выставы і кірмаша дапаможа наведвальнікам усвядоміць, што ў цуды трэба не толькі верыць, але і рабіць іх сваімі рукамі.

Чытайце таксама: «Понимаю, наши дети не принесут пользы государству». Как работает Гродненский детский хоспис в состоянии ликвидации

«Пабачыўшы гэтыя карціны злавіла сябе на думцы, што яны мяне заварожваюць, — кажа Вераніка Квяткоўская. — Глядзіш і пачынаеш верыць, што магчымыя цуды. Насамрэч, калядныя конікі даюць надзею, што ўсё будзе добра і казачна».

Калядныя конікі, выстава, Валянціна Шоба, Вільня
Вераніка Квяткоўская, арт-менеджарка