Палітычны актывіст і былы выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Валянцін Аскірка 26 лістапада выйшаў на волю. Ён адбываў 10 сутак арышту па арт. 24.23 КаАП, паведаміў тэлеграм-канал «Право имеют».

Былога выкладчыка ГрДУ Валянціна Аскірку выпусцілі пасля 10 сутак арышту
Валянціна Аскірку сустракаюць пасля 10 сутак арышту. Фота: Чытач Hrodna.life.

Суд Ленінскага раёна Гродна 18 лістапада асудзіў Валянціна Аскірку па арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення массавых мерапрыемстваў). Інфармацыя пра суд не была даступна родным асуджанага. Пра тое, што Валянціна асудзілі, яны даведаліся толькі на наступныя суткі.

Калі затрымалі актывіста

Валянціна Аскірку затрымалі раніцай 16 лістапада. Яго забралi з заняткаў у прыватнай школе, дзе ен выкладаў. Пра затрыманне выкладчыка паведамілі праваабаронцы пазбаўленага рэгістрацыі ў Беларусі цэнтра «Вясна».

Хто такі Валянцін Аскірка

Валянцін Аскірка — міжнародны сакратар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Ён з 90-х гадоў актыўна ўдзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці Гродна і Беларусі. У 2004 годзе балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Валянцін 20 гадоў выкладаў фізіку ў ГрДУ. Пры чым прынцыпова рабіў гэта па-беларуску. У жніўні 2020 года Аскірка падпісаў заяву прадстаўнікоў навуковай грамадскасці Беларусі супраць гвалту сілавікоў. У снежні 2020 года яго звольнілі з універсітэта. Тады больш за 270 студэнтаў і выпускнікоў інжынерна-фізічных спецыяльнасцяў ГрДУ падпісаліся ў абарону выкладчыка. Яны прасілі таксама абвясціць яму падзяку ад імя рэктара «за шматгадовую і добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм». Адміністрацыя адмовіла. Гэта патлумачылі тым, што выкладчык быццам неаднаразова парушаў дысцыпліну.