Участак плошчай 10 сотак на вуліцы Вялікай Траецкай 23 лістапада прадалі з аўкцыёна за 42,8 тысяч рублёў. Паводле ўмоваў аўкцыёна забудоўшчык павінен аднавіць страчаны двухпавярховы будынак як месца грамадскага прызначэння, паведаміў «Вечерний Гродно».

Участак знаходзіцца ў гістарычным цэнтры за будынкам Вялікай харальнай сінагогі. Уласнік павінен узгадніць праект з Міністэрствам культуры, а перад пачаткам будаўніцтва правесці археалагічныя раскопкі. Усе земляныя працы павінны выконвацца толькі пад кантролем археолага.

Забудоўшчык павінен аднавіць страчаную забудову, улічваючы яе выгляд на архіўных фота. Фасады трэба выканаць у стылістыцы цаглянай архітэктуры, з выкарыстаннем традыцыйных і трывалых матэрыялаў.

Каля сінагогі адновяць страчаны будынак яўрэйскага квартала: участак пад забудову прадалі з аўцыёну
Месца дзе павінны пабудаваць новы будынак. Крыніца: Яндэкс карты

Што было раней на гэтым месцы?

Яўрэйскі квартал пачаў фарміравацца ў 16 ст. каля Вялікай сінагогі. Да першай паловы 19 ст. гэта быў раён хаатычнай драўлянай забудовы паміж вуліцамі Крывой і Школьнай жыдоўскай. З-за высокай шчыльнасці там часта здараліся пажары.

Каля сінагогі адновяць страчаны будынак яўрэйскага квартала: участак пад забудову прадалі з аўцыёну
Раён «Школьнага двара».

Самы моцны пажар адбыўся ў 1837 г. — згарэла некалькі дзясяткаў дамоў. На знішчаным пажарам месцы ў 1838 г. губернскія ўлады вырашылі зрабіць гандлёвую плошчу, якая цягам некалькіх дзесяцігоддзяў так і называлася — «Школьны двор». Затым, прыкладна з 1880-х, яе называлі «Рыбная плошча», а ў міжваенны час — «Мясны рынак».

Будынак, які прапануюць аднавіць гродзенскія ўлады, былі часткай «Школьнага двара». Яго знеслі ў 1970-х гадах.

Чытайце таксама: Кубачак кавы на Гварнай вуліцы: што рабіць з кварталам за сінагогай цяпер, калі ад дублёра Траецкай адмовіліся