З 22 лістапада ў адміністрацыйны корпус «Гроднажылбуд» можна будзе трапіць толькі з даведкай аб вакцынацыі ад каронавіруса або з медатводам. Гэта тычыцца ўсіх супрацоўнікаў прадпрыемства. Пакуль прышчэплена менш за траціну работнікаў, яшчэ ў 21% - імунітэт пасля хваробы.

На прадпрыемстве Hrodna.life паабяцалі, што будуць «вырашаць пытанне цывілізавана». Да тых, хто не паспее прышчапіцца да 22 лістапада, падыход будзе лаяльным, сказаў Hrodna.life начальнік адміністрацыйна-гаспадарчага аддзела «Гроднажылбуд» Юрый Валчэцкі. Калі чалавек прышчапіўся толькі першай дозай — ужо «считаеться», распавёў ён.

У "Гроднажылбуд" абяцаюць пускаць толькі з даведкай аб вакцынацыі. Але падыход "будзе цывілізаваным"
Аб’ява пра абмежаванні на дзвярах адміністрацыйнага будынка «Гроднажылбуд» з’явілася больш за тыдзень таму. Фота: Newgrodno.by

Імунітэт патрэбны, але звальняць не будуць

«Для бяспекі патрэбны калектыўны імунітэт. Так ва ўсім свеце. Гэта не амбіцыі, а цывілізаваны падыход», — падкрэсліў Юрый Валчэцкі. На працоўных месцах дазволена сядзець без маскі, іх трэба апранаць, толькі калі супрацоўнік выходзіць з кабінета. Таму калі захварэе хтосьці адзін, нягледзячы на санітарныя нормы, з ладу можа выйсці цэлы аддзел, патлумачыў ён Hrodna.life.

Тых, хто не захоча прышчапляцца прынцыпова, звальняць не будуць, і ў корпус прапусцяць, тым не менш упэўнены Юрый Валчэцкі. Такіх людзей будуць пераконваць прышчапіцца. Сярод супрацоўнікаў адміністрацыйнага корпуса невакцынаваных засталіся адзінкі, лічыць Валчэцкі.

Каго яшчэ закранае абмежаванне

Адміністрацыйны корпус наведваюць не толькі супрацоўнікі, але і працоўныя, распавёў Hrodna.life іншы работнік прадпрыемства. Там знаходзяцца разліковая група і аддзел кадраў. Брыгадзіры і прарабы прыходзяць туды на планёркі. У актавай зале, дзе іх праводзяць, стаяць антыбактэрыйныя лямпы.

Наведвальнікаў не пускаюць у адміністрацыйны будынак ужо даўно. Да тых, хто прыходзіць па працоўных пытаннях, напрыклад, афармляць кватэру, патрэбных спецыялістаў выклікаюць на першы паверх, удакладніў начальнік адміністрацыйна-гаспадарчага аддзела Валчэцкі.

Як доўга будзе дзейнічаць абмежаванне, ён сказаць пакуль не можа. Магчыма, яго здымуць, калі сітуацыя з каранавірусам палепшыцца.

За любую прышчэпку далі па 100 рублёў

Людзі сапраўды ідуць на прышчэпкі даволі актыўна, пацвердзіла Hrodna.life крыніца на прадпрыемстве. «На мінулым тыдні ўсім, хто прышчапіўся, незалежна дзе і незалежна чым, залічылі па 100 рублёў на карткі», — распавёў супрацоўнік. Грошы пералічвалі з рахунку прафсаюза.

Таксама кожнаму работніку — сябру прафсаюзу, які перахварэў на каранавірус, прафкам аплачвае пяць дзён знаходжання ў санаторыі, напісана на афіцыйнай старонцы прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Крыніца на прадпрыемстве ж мяркуе, што санаторый прапануюць, бо туды і так ніхто не едзе.

Плато, як ва ўсім горадзе

Вакцынаванне ў медцэнтры прадпрыемства пачалі яшчэ ў траўні 2021 года. Зараз там даступная і кітайская, і расійская вакцыны.

На 19 лістапада вакцынаваных на прадпрыемстве было 1018 супрацоўнікаў (29% ад агульнай колькасці працоўных), паведамляе афіцыйны Telegram-канал «Гроднажылбуда». Сярод інжынерна-тэхнічных работнікаў прышчэплена каля 60%. На лячэнні з ВРВІ 19 лістапада знаходзілася каля 60 работнікаў ААТ «Гроднажылбуд».

Захворвальнасць на каранавірус на вытворчасці зараз знаходзіцца на плато, як і ва ўсім горадзе, сказаў Hrodna.life загадчык цэнтрам здароўя «Гроднажылбуда» Ігар Барысенка. На 16 лістапада, акрамя вакцынаваных, 754 супрацоўнікі ўжо перахварэлі на каранавірус і маюць імунітэт (21% работнікаў). На прадпрыемстве сочаць за сацыяльнай дыстанцыяй, падзяленнем плыняў работнікаў, выконваецца масачны рэжым, ужываюць дэзінфікуючыя сродкі для рук і паверхняў, пералічыў загадчык медцэнтра. Усё гэта абумоўлена загадам па прадпрыемстве. Па яго словах, абмежавальныя мерапрыемствы праводзяць ужо паўтара года.

Працоўныя на прадпрыемстве хварэюць, але сярод тых, хто працуе не ў кабінетах, гэта не так прыкметна. «Ніхто не беражэцца. І маскі апранаюць толькі па прымусе, інакш іх у будынак адміністрацыйны не пусцяць», — адзначыла крыніца на прадпрыемстве.

Як матывуюць гродзенцаў у іншых месцах

На гродзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман» у кастрычніку абяцалі выплаты «за прышчэпку» па 400 рублёў. Для атрымання грошай супрацоўнікі мусілі напісаць заяву аб выплаце матэрыяльнай дапамогі, прадставіць копію сертыфіката аб вакцынацыі і копію выніку аналізу на антыцелы да антыгенаў COVID-19. Невакцынаваных пагражалі не дапусціць да працы, паведамлялі чытачы.

Супрацоўнікам «Гродна Азот», якія пройдуць вакцынацыю да 3 снежня — дня 58-годдзя прадпрыемства — паабяцалі заплаціць па 250 рублёў. На Гродзенскім мясакамбінаце мусіць быць выплачана па 200 рублёў, а на «Малочным свеце» па 150, паведамлялі чытачы Hrodna.life. Супрацоўнікам «Белкарда» за поўны курс вакцынацыі яшчэ ў верасні прапаноўвалі па 50 рублёў. Адну з выкладчыц Каледжа бытавога абслугоўвання пазбавілі прэміі за адмову вакцынавацца, распавяла крыніца Hrodna.life.

Каналы студэнтаў публікавалі інфармацыю пра тое, у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце непрышчэпленым студэнтам пагражаюць паставіць не вышэй за восем балаў за экзамен. У дзень прышчэпкі жа студэнтам дазволена не наведваць заняткі.

Чытайце таксама: