Уначы з 17 на 18 лістапада каля 100 мігрантаў паспрабавалі перайсці мяжу з Польшчай, паведамляе польскае Мінабароны. Тым часам частка мігрантаў ужо трэці дзень знаходзяцца ў лагістычным цэнтры каля «Брузгоў», частка засталіся ў лагеры каля памежнага пераходу «Брузгі-Кузніца», а яшчэ каля 430 чалавек чакаюць у мінскім аэрапорце першага эвакуацыйнага самалёта ў Багдад.

Ноччу мігранты сталі закідваць польскіх салдат камянямі, каб адцягнуць увагу. У некалькіх сотнях метраў іншыя мігранты паспрабавалі перасекчы мяжу. Перад гэтым беларускія службы правялі разведку і, магчыма, пашкодзілі агароджу, упэўненыя ў Міністэрстве абароны Польшчы.

Спроба пераходу адбылася ў Дубічах Царкоўных. Гэта раён Белавежскай пушчы, недалёка ад вёскі Амелянец з беларускага боку. Польскія спецслужбы затрымалі каля 100 мігрантаў. Польскія спецслужбы затрымалі каля 100 мігрантаў. Усяго за суткі зафіксавалі 501 спробу перасячэння мяжы.

Першы эвакуацыйны рэйс

Улады Ірака паведамілі аб рэгістрацыі больш за 430 чалавек на эвакуацыйны рэйс Менск — Эрбіль-Багдад 18 лістапада, піша ТАСС. Для мігрантаў рэйс будзе бясплатным. Таксама консульскія супрацоўнікі занятыя рэгістрацыяй яшчэ каля 50 мігрантаў, якія вырашылі вярнуцца ў Ірак з польска-беларускай мяжы.

Частка людзей пакуль застаецца

Пры гэтым частка мігрантаў пасля масавага штурму мяжы 16 лістапада засталіся ў лагеры каля кантрольна-прапускнога пункта «Брузгі». Пасля ночы, праведзенай на асфальце і няўдалага штурму частку людзей размясцілі ў транспартна-лагістычным цэнтры з беларускага боку. Там ім арганізавалі гарачае харчаванне. Туды прыехала і настаяцельніца Гродзенскага Свята-Раства-Багародзічнага жаночага манастыра матушка Гаўрыіла. Яна раздавала курдскім дзецям прысмакі і хрысціла іх. 18 лістапада мігрантам, якія засталіся ў лагеры ў «Брузгоў», прывезлі ежу прадстаўнікі «Чырвонага Крыжа». Яшчэ больш за 200 чалавек перайшлі ў лагістычны цэнтр, дзе для іх вызвалілі другі паверх. 18 лістапада іх пачнуць вакцынаваць ад каронавіруса.

Яшчэ каля сотні мігрантаў 17 лістапада засяліліся у спартыўна-аздараўленчы цэнтр «Світанак» у Парэччы пад Гроднам. Інфармацыя пра тое, што яго могуць падрыхтаваць для прыёму дзяцей мігрантаў, з’явілася 12 лістапада.

Сітуацыя з мігрантамі: каля 100 чалавек паспрабавалі прайсці ў Польшчу, іншыя ўжо чакаюць эвакуацыйны рэйс
Людзі гатовыя да засялення ў «Світанак». Фота: 1prof.by

У «Світанку» размясціліся 106 чалавек з лагера мігрантаў каля мяжы.

Меркель размаўляе з Лукашэнкам, а Еўрасаюз вылучыў сродкі на мігрантаў

Еўразвяз вылучае 700 000 еўра гуманітарную дапамогу мігрантам, якія апынуліся на беларуска-польскай мяжы. Еўрапейская камісія выдзеліла 200 000 еўра на гуманітарнае фінансаванне Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (IFRC). Гэтым фінансаваннем Еўрасаюз падтрымае таксама Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа. Акрамя таго ЕС мабілізаваў дадаткова 500 000 еўра на гуманітарнае фінансаванне, і ў цяперашні час падтрымлівае кантакты са сваімі гуманітарнымі партнёрскімі арганізацыямі.

17 лістапада прайшла другая тэлефонная размова паміж выканаўцай абавязкаў канцлера Германіі Ангелай Меркель і Аляксандрам Лукашэнкам на тэму мігрантаў на мяжы Еўрасаюза. Першы быў 15 лістапада, доўжыўся амаль гадзіну, і гэта быў першы кантакт паміж імі пасля выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года. «Мы прыйшлі да адзінага меркавання, што эскалацыя нікому не патрэбна — ні Еўрапейскаму саюзу, ні Беларусі. І дапусціць эскалацыі, як бы камусьці гэтага ні хацелася, аж да гарачага сутыкнення, мы не можам», — цытуе БелТА Лукашэнку па выніках размовы. «У другой тэлефоннай размове з Аляксандрам Лукашэнкам канцлерка Нямеччыны падкрэсліла неабходнасць забяспечыць гуманітарную дапамогу і магчымасці вяртання пацярпелых людзей пры падтрымцы УВКБ ААН і МАМ і ў супрацоўніцтве з Еўрапейскай камісіяй», — такое рэзюмэ апублікавала прэс-служба Меркель.

Крызіс на мяжы: гісторыя

Абвастрэнне сітуацыі з мігрантамі, якія спрабуюць незаконна перасекчы польскую, літоўскую і латышскую межы з боку Беларусі, доўжыцца некалькі месяцаў. Звяртаючыся да парламента 26 траўня, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў - цяпер будзеце самі іх ёсць і лавіць». Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс назваў гэта адкрытай пагрозай. З траўня польскія і літоўскія памежнікі штодня сталі фіксаваць сотні спробаў незаконнага перасячэння мяжы мігрантамі з Блізкага Усходу. Памежная служба Беларусі не спыняла парушальнікаў.

З пачатку года польскія памежнікі зафіксавалі больш за 30 тысяч спробаў незаконнага перасячэння мяжы. Пачынаючы з 2 верасня ў 183 населеных пунктах Падляскага і Люблінскага ваяводства, прылеглых да мяжы з Беларуссю, дзейнічае надзвычайнае становішча. Туды не маюць доступу журналісты або актывісты грамадскіх арганізацый, якія займаюцца праблемамі мігрантаў.

Раніцай 8 лістапада вялікая група мігрантаў з рэчамі рушыла ў кірунку памежнага пераходу «Брузгі-Кузніца». Па розных ацэнках у групе знаходзілася ад 2000 да 4000 чалавек, у тым ліку дзеці і цяжарныя жанчыны. Не дайшоўшы да пераходу, мігранты павярнулі ў лес і сталі там лагерам. Яны патрабуюць, каб Польшча прапусціла іх праз мяжу ў Нямеччыну. З польскага боку мяжу ахоўваюць войскі, паліцыя, памежнікі і спецслужбы — усяго больш за 13 тыс. сілавікоў. У адказ на прысутнасць мігрантаў 9 лістапада з 7.00 Польшча закрыла памежны пераход «Кузніца».

У бліжэйшыя месяцы Беларусь планавала арганізаваць дадатковыя палёты з Блізкага Усходу, у тым ліку ў Гродна. Але з 12 лістапада грамадзян Ірака, Сірыі і Емена перасталі прымаць на авіярэйсы з Турцыі ў Беларусь. Такое рашэнне звязана з загадам турэцкіх уладаў. Таксама ў Беларусь спынілі палёты буйныя іракскія і сірыйскія авіялініі. Верагодна, гэта звязана з тым, што Еўрасаюз разглядаў магчымасць увядзення санкцый супраць кампаній. Таксама"Белавія" не будзе прымаць на борт грамадзян Афганістана, Ірака, Йемена, Лівана, Лівіі і Сірыі на рэйсы з Ташкента ў Мінск.

15 лістапада каля 12.30 мігранты пакінулі лагер у памежнай паласы. На той момант лагер налічваў каля чатырох тысяч чалавек. У суправаджэнні беларускіх сілавікоў людзі з дзецьмі і з рэчамі прыйшлі на пункт пропуску ў Брузгах. Там яны праз зламаную агароджу з боку памежнага пераходу «Брузгі» падышлі пад самы ўваход на тэрыторыю Польшчы. У 14.30 яны разбілі палаткі і расклалі спальныя мяхі проста на асфальце паміж пунктамі пропуску «Брузгі» і «Кузніца». Там яны засталіся на ноч. Раней сярод мігрантаў распаўсюджвалася інфармацыя, што 15 лістапада іх прапусцяць праз мяжу. Каля 12.00 16 лістапада мігранты на мяжы пачалі кідаць камяні і бутэлькі ў польскіх сілавікоў, паспрабавалі зламаць плот і разабраць калючы дрот. У адказ польскі бок ўжыў слёзацечны газ, святло-шумавыя гранаты, адбіваў напады струмянямі з вадамётаў. Праз дзве гадзіны мігранты адступілі. Былі пацярпелыя з абодвух бакоў.

Прадстаўнікі беларускага Следчага камітэта пасля штурму мяжы прыбылі на пункт пропуску для расследавання. У СК заявілі, што кваліфікуюць дзеянні польскіх сілавікоў як «злачынства супраць бяспекі чалавецтва» і распачалі крымінальную справу па арт. 128 КК (злачынства супраць бяспекі чалавецтва. Масавыя акты жорсткасці, здзейсненыя ў сувязі з расавай і этнічнай прыналежнасцю) супраць польскага боку.

Чытайце таксама: