У абмен на сканчэнне міграцыйнага крызісу Аляксандр Лукашэнка хоча, каб яго прызналі прэзідэнтам і знялі санкцыі. Пра гэта 16 лістапада сказала міністарка замежных спраў Эстоніі Ева-Марыя Ліімец.

«Ён [Лукашэнка] хоча, каб санцыі былі спыненыя, каб яго прызналі кіраўніком дзяржавы, каб ён мог працягваць», — сказала Ева-Марыя Ліімец у адказ на пытанне, якія патрабаванні Лукашэнкі для таго, каб спыніць міграцыйны крызіс. Ліімец кажа, што атрымала гэтую інфармацыю па выніку тэлефоннай размовы паміж Ангелай Меркель і Аляксандрам Лукашэнкам.

Таксама міністарка замежных спраў Эстоніі сказала, што «новыя санкцыі павінны быць уведзены як мага хутчэй».

Еўрасаюз 15 лістапада ўзгадніў пяты пакет санкцый у адносінах да фізічных і юрыдычных асобаў Беларусі. У асноўным яны будуць накіраваны супраць асобаў і кампаній, адказных за перапраўку мігрантаў з краін Блізкага Усходу.

У той жа вечар адбылася тэлефонная размова часова выконваючай абавязкі канцлера Германіі Ангелы Меркель з Аляксандрам Лукашэнкам. Размова доўжылася 50 хвілін. Галоўнай тэма дыялогу стала сітуацыя з мігрантамі на беларуска-польскай мяжы.