Суд Ленінскага раёна Гродна 5 лістапада прызнаў экстрэмісцкім сайт і сацыяльныя сеткі «Гарадзенскай вясны». Інфармацыя аб рашэнні суда ўнесена ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Рашэнне суда падлягае неадкладнаму выкананню ў адпаведнасці з артыкулам 314 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса, адзначана на сайце Міністэрства інфармацыі.

У спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, акрамя сайта, унесеныя таксама старонкі рэсурсу ў «Вконтакте», Facebook і Twitter.

«Гарадзенская вясна» — рэгіянальны сайт праваабарончага цэнтра «Вясна», пазбаўленага рэгістрацыі ў Беларусі. Сайт інфармуе пра сітуацыю з правамі чалавека ў Гродзенскай вобласці, распавядае пра абарону пацярпелых і грамадзянскую супольнасць у рэгіёне. Таксама там размешчаныя кантакты праваабаронцаў, якія могуць кансультаваць па правах чалавека.

Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзецца з верасня 2008 года. У канцы 2020 года ён складаў 71 старонку (172 рашэнні судоў у дачыненні да рознай інфармацыйнай прадукцыі). На момант публікацыі ён складаецца ўжо з 162 старонак, на якіх пералічаныя 450 рашэнняў судоў. Да 2020 у асноўным у яго ўносілі матэрыялы, звязаныя з распальваннем нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, з прапагандай нацызму. У апошні час часцей за ўсё рашэнні прымаюцца ў дачыненні да розных Telegram-каналаў, звязаных з пратэстамі.

Згодна з ч.2 арт. 19.11 КаАП Беларусі, распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюджвання такой прадукцыі цягне штраф ад 10 да 30 базавых велічынь для фізічнай асобы, альбо грамадскія працы, альбо адміністрацыйны арышт. ІП пагражае штраф ад 50 да 100 базавых велічынь, юрыдычнай асобе — ад 100 да 500 базавых велічынь. Таксама канфіскуюць прадмет правапарушэння і, магчыма, прылады і сродкі здзяйснення правапарушэння.

Чытайце таксама: