Прынамсі некалькі дзясяткаў чалавек змаглі пераадолець загароджу ў раёне польскіх вёсак Крынкі і Белавежа. На польскай тэрыторыі ўсіх затрымалі.

Вечарам 9 лістапада польскія памежнікі праінфармавалі, што частку людзей вярнулі на мяжу, некаторых прыйшлося шукаць, піша «Радыё Беласток». У абодвух выпадках быў пашкоджаны плот, паведаміла прэс-сакратарка Падляскага аддзялення памежнай аховы маёр Кацярына Ждановіч. Мігранты выкарыстоўвалі спецыяльны інструмент. У дачыненні да іх былі выдадзеныя пастановы аб неабходнасці пакінуць польскую тэрыторыю.

Дзве вялікія групы мігрантаў прарваліся ў Польшчу. На суседнім памежным пераходзе - вялізная чарга
Фота: паліцыя Польшчы

Белавежа — вёска ў польскай частцы Белавежскай пушчы, непадалёк ад дарогі на Перарава і Віскулі з беларускага боку (Брэсцкая вобласць). Крынкі знаходзяцца насупраць Малой Бераставіцы з беларускага боку, паміж памежнымі пераходамі ў Брузгах і Бераставіцы. Пераход у Брузгах зачынены з 7.00 раніцы 9 лістапада праз размяшчэння непадалёк ад яго некалькіх тысяч мігрантаў каля памежнай паласы. Памежнікі раяць карыстацца пераходам у Бераставіцы (Баброўнікі) і Брэсце (Цярэспаль). На 8.00 10 лістапада ў Бераставіцы выезду чакалі 190 грузавых машын. 9 лістапада чарга там з польскага боку вытягнулася на 16 км, а час чакання на рэгістрацыю працягнулі да 34 гадзін. Увечары таго ж дня час чакання ў Баброўніках павялічыўся да 50 гадзін, а чарга склала 20 км, паведамляе Telegram-канал Probel.pl.

Да лета 2022 года Польшча хоча пабудаваць на мяжы мур. Кошт будаўніцтва складзе 1 млрд 615 млн злотых, з якіх 1 млрд 500 млн злотых — выдаткі на будаўніцтва фізічнага бар’ера, а 115 мільёнаў - кошт тэхнічных прыладаў, піша «Радыё Беласток». Зараз мяжу ахоўвае каля 13 тысяч салдат. Яшчэ паўтара месяцы таму іх было 6 тысяч, распавёў прэм’ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі. Таксама ў Польшчы прапануюць прыцягнуць да аховы мяжы добраахвотную пажарную службу і леснікоў.

Чытайце таксама: «Скоропорт на Бобры». Что происходит с грузовыми и пассажирскими перевозками после закрытия Кузницы