На волю з наваполацкай калоніі выйшаў палітвязень Дзяніс Кірэшчанка. Мінчука асудзілі за абразу гродзенскага міліцыянта Казлоўскага. Першаму з музыкаў гурта Irdorath вынеслі прысуд. Hrodna.life вывучыў, што адбылося ў Гродне і вобласці ў апошні тыдзень кастрычніка.

Падлетак запусціў квадракоптар ў РАУС

Падлетак са Шчучынскага раёна падняў квадракоптар ў паветра, каб праверыць, наколькі высока ён зможа ўзляцець. Квадракоптар трапіў на тэрыторыю Шчучынскага РАУС. Па правілах выкарыстання авіямадэляў, лётаць над аддзяленнямі міліцыі забаронена, паведамляе міліцыя Гродна.

Падлетка маглі б аштрафаваць па ч. 1 арт. 18.35 КаАП «Парушэнне правілаў выкарыстання паветранай прасторы». Аднак праваахоўнікі абмежаваліся прафілактычнай гутаркай, а квадракоптар вярнулі маці падлетка.

Два года «хіміі» за абразу

Жыхару Смаргоні Дзмітрыю Дудойцю прысудзілі два гады «хіміі» паводле арт. 369 КК за абразу начальніка РАУС. Такі прысуд вынес суддзя суда Смаргонскага раёна Сяргей Балонд 29 кастрычніка, паведамляе «Г***дзенская вясна».

У чэрвені 2020 года ў «Одноклассниках» ён ахарактарызаваў начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталя Куляшова «з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі».

Палітвязень на волі

На волю з наваполацкай калоніі выйшаў палітвязень Дзяніс Кірэшчанка. Дзяніс Кірэшчанка быў затрыманы 8 жніўня мінулага году ў межах справы аб падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках у Навагрудку і Карэлічах (ч. 3 арт. 293 КК). Разам з Дзянісам па справе праходзіў палітвязень Уладзімір Гарох, паведамляе «Вясна».

29 снежня 2020 года ў судзе Наваградскага раёна быў агучаны прысуд: Дзянісу Кірэшчанку прысудзілі 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму, Уладзіміру Гароху — 7 гадоў узмоцненага.

Палітвязень адбываў пакаранне ў наваполацкай калоніі № 1. 30 касстрычніка ён выйшаў на волю, бо адбыў пакаранне цалкам.

Банцэр зноў на «хіміі»

Палітвязень Ігар Банцэр, якому прысудзілі 1 месяц і 25 дзён калоніі за парушэнне правілаў, зноў на «хіміі». Прычына вяртання — абскарджанне адвакатам Банцэра рашэння суда аб замене пакарання на больш жорсткае. Парушэнні парадку, якія нібыта здзейсніў Банцэр, былі зафіксаваныя да ўвядзення новага заканадаўства. Па ім Ігара не павінны былі судзіць па артыкуле «Замена пакарання на больш жорсткае». Але чамусьці судзілі. Адвакат заўважыла гэтую нестыкоўку і падала скаргу. Пракурор быў вымушаны апратэставаць рашэнне суда, паведамляе Б**сат.

Музыку Ігара Банцэра ў сакавіку 2021 года асудзілі на 1,5 года «хіміі» за перформанс — танец у стрынгах перад міліцыянтам.

29 верасня суддзя Дзяніс Аляксеенка пастанавіў накіраваць палітвязня ў калонію за нібыта шасціразовае парушэнне рэжыму папраўчай установы. За гэта яму прысудзілі 1 месяц і 25 сутак.

Прысуд за ігру на дудзе, дрон над РАУС і новыя "экстрэмісты". Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Ігар Банцэр у судзе Ленінскага раёна Гродна 19 сакавіка 2021. Фота: Алена Кавальчук

Мінчука асудзілі за абразу міліцыянта, які на пікеце 29 траўня ў Гродне апынуўся на зямлі

27 кастрычніка да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі» прысудзілі 57-гадовага Андрэя Васілеўскага. Мужчыну прызналі вінаватым у абразе супрацоўніка міліцыі з Гродна Уладзіміра Казлоўскага — таго самага міліцыянта, які паваліўся на зямлю 29 траўня мінулага года на выбарчым пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, паведамляе «Вясна».

Паводле версіі абвінавачвання, Васілеўскі пакінуў каментар з крыўдным словам у «Одноклассниках» пад допісам Вольгі Карач.

Пацярпелы міліцыянт распавёў, што ў той дзень яму прыйшло «больш за тысячу абраз, пагроз прымянення гвалту як у дачыненні да мяне, так і ў дачыненні да маіх родных і блізкіх». Каментар абвінавачанага нібыта «дыскрэдытаваў яго ў вачах грамадскай думкі, нанёс удар па аўтарытэце, прынізіў прафесійныя якасці».

Прысуд за ігру на дудзе, дрон над РАУС і новыя "экстрэмісты". Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Милиционер Владимир Козловский 29 мая 2020 года в Гродно. Фото: Руслан Кулевич

Першы прысуд музыкам гурта Irdorath

Палітвязня Дзмітрыя Шыманскага з групы Irdorath асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях». Суддзя Алег Каляда прысудзіў музыку да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, паведамляе «Вясна».

Фактычна, яго судзілі за тое, што ён граў на дудзе на вуліцы 16 жніўня 2020 года. Музыканта вызвалілі з-пад варты ў зале суда.

Іншым музыкам у кастрычніку працягнулі тэрмін утрымання пад вартай. Палітвязням Уладзіміру і Надзеі Калач працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на месяц, Пятру Марчанку, Юрыі Марчанку і Антону Шніпу — на тры месяцы, паведамляе «Вясна». Іх абвінавацілі паводле арт. 342 КК «Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» за выступ на акцыях пратэсту ў Мінску ў жніўні 2020 года.

Затрыманні ў рэгіёнах

У Ваўкавыску і Лідзе затрымалі мясцовых жыхароў за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Відэа затрыманняў і «выбачэнняў» выклалі каналы, блізкія да сілавікоў.

Ліквідацыя дзіцячага хоспіса

Грамадская дабрачынная арганізацыя «Гродзенскі дзіцячы хоспіс» яшчэ з 20 жніўня знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. Рашэнне тады прыняў Гродзенскі абласны суд. Але пра гэта стала шырока вядома толькі нядаўна: інфармацыю пра гэта Hrodna.life знайшоў у Адзіным дзяржаўным рэестры.

Прысуд за ігру на дудзе, дрон над РАУС і новыя "экстрэмісты". Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Аніматары ў Гродзенскім дзіцячым хоспісе. Фота: Hrodna.life

Выбух на мяжы

У пункце пропуску ў Кузніцы, у будынку польскай мытнай службы, увечары 28 кастрычніка адбыўся выбух. Верагодна, нешта выбухнула ў каналізацыйным калодзежы або трубе.

Дзмітрый Фурманаў з’ехаў з Беларусі

Гродзенец Дзмітрый Фурманаў пакінуў Беларусь. 21 кастрычніка ён выйшаў на волю з ПК-3 у гарадскім пасёлку «Віцьба». Праз некалькі дзён быў ужо ў Кіеве, а 30 кастрычніка прыехаў у Вільню і сустрэўся са сваёй дзяўчынай Вольгай Каракінай.

Прысуд за ігру на дудзе, дрон над РАУС і новыя "экстрэмісты". Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Дзмітрый Фурманаў сустрэўся са сваёй дзяўчынай Вольгай Каракінай. Скрыншот Hrodna.life

Новая справа Vadimati

Супраць гродзенскага блогера Вадзіма Ермашука пачалі новую адміністрацыйную справу па арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць». Пра гэта 26 кастрычніка напісала ў Instagram яго сяброўка. 14 кастрычніка яго ўжо асудзілі па тым жа артыкуле на 20 сутак адміністрацыйнага арышту.

Справа Дзяніса Івашына

Палітвязень Дзяніс Івашын праходзіць падазраваным па ч. 1 арт. 356 КК «Здрада дзяржаве» і па арт. 365 «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў». Гэта вынікае з адказу КДБ жонцы Дзяніса Вользе. Да 31 кастрычніка ён быў у карцэры СІЗА турмы № 1 Гродна.

«Театр Августа» у Вільні

Спектаклем «За што» 29 кастрычніка адкрыў сезон «Театр Августа». Яго стварылі акцёры з Гродна, якіх звольнілі за паслявыбарчыя пратэсты. Год таму гэтыя акцёры разам з калегамі паказвалі літаратурную кампазіцыю, прысвечаную «Ночы (не)расстралянай паэзіі» ў Гродне. Амаль адразу пасля гэтага шматлікім прыйшлося пакінуць Беларусь. Для Hrodna.life яны распавялі, як ствараўся тэатр і чаму ён так называецца.

Новыя палітвязні ў вобласці

Галіну Дзербыш з Абухава прызналі палітзняволенай. Пра гэта паведамляе «Вясна». 59-гадовую Галіну Дзербыш з Абухава затрымалі 10 снежня 2020 года па падазрэнні ў здзяйсненні «акта тэрарызму». Яна праходзіць па «справе Аўтуховіча». У зняволенні у яе пачаліся праблемы са здароўем.

«Экстрэмісцкія» каналы

Telegram-канал «Ошмяны» прызнаны экстрэмісцкім фарміраванням, паведамляе прэс-служба МУС.

«Міністэрствам унутраных спраў прынята рашэнне аб прызнанні групы грамадзян, якія ажыццяўляюць экстрэмісцкую дзейнасць з дапамогай Telegram-канала „Ошмяны“, экстрэмісцкім фарміраваннем і забароне яго дзейнасці», — напісала прэс-служба.

Адміністратара Telegram-канала, 30-гадовага праграміста, затрымалі. Яму пагражае арт. 361−1 КК «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім». Відэа з ім выклалі каналы, блізкія да сілавікоў.

Навіны па справе Алеся Пушкіна

У следчых з’явіліся прэтэнзіі да цыклу «Беларускі супраціў» Алеся Пушкіна, які мастак стварыў больш за 20 гадоў таму. Гаворка ідзе пра партрэты як мінімум двух беларускіх дзеячаў антысавецкага руху часоў Другой сусветнай вайны — Усевалада Родзькі і Міхала Вітушка, паведамляе Б**сат.

Таксама сілавікі высвятляюць ролю Пушкіна ў стварэнні дакументальнага фільма «Праклятыя і забытыя», знятага ў 2013 годзе.

Алесю Пушкіну пагражае да 12 гадоў зняволення. Яго пераследуюць за партрэт антысавецкага партызана і абвінавачваюць у «распальванні варожасці» і «рэабілітацыі нацызму».

Коратка:

  • У Беластоку беларусы адзначылі Дзяды. Наведалі магілы каля 10 выбітных беларусаў, пахаваных на праваслаўных могілках на вул. Wysockiego. Таксама там правялі «Ноч растраляных паэтаў».
  • У першы тыдзень лістапада ў гродзенскіх судах пройдзе некалькі пасяджэнняў па палітычна матываваных справах.
  • Лукашэнка: «Спутник» эфектыўнейшы за заходнія вакцыны, а Pfizer патрэбны толькі «опам».
  • Супрацоўнікам «Гродна Азот» заплацяць 250 рублёў за вакцынацыю ад COVID-19.
  • (Дэ)прэміраванне, выхадныя і пагрозы. Як гродзенцаў матывуюць вакцынавацца ад COVID-19.
  • Ад Рагвалода да Лукашэнкі. Для беларускіх школ зацвердзілі праграму прадмета пра знакамітых дзеячоў.